«Гэта не сюжэт фільма, а рэальнае жыццё»
13- 21.02.2025, 20:03
- 9,220

Пара з Гародні зноў пабралася праз 20 гадоў.
Рамантычнай гісторыяй, у якой было ўсё – і каханне, і доўгае расстанне, і шчаслівая выпадковая сустрэча – падзяліўся чытач Newgrodno.by Аляксандр.
«Падаецца, што гэта мог бы быць сцэнар фільма, але ўсё гэта рэальнае жыццё. У ёй заўсёды ёсць месца самым неверагодным і цудоўным рэчам», – усміхаецца мужчына.

Ён рос у Гародні. У 16 гадоў хлопец сустрэў сваё першае каханне – дзяўчыну Ірыну. Пачуцці былі ўзаемныя. Маладыя людзі вучыліся разам, потым паступілі ў адзін універсітэт, а пасля згулялі вяселле. Тады Аляксандру і Ірыне было ўсяго 19 гадоў.
«У жыцці здараецца ўсякае. Нам давялося развесціся. А потым жыццё раскідала па розных краінах», – успамінаюць маладыя.
Пасля разводу яны не размаўлялі больш за 20 гадоў. Але ўсё змяніў адзін выпадковы званок.
«Я тады быў у цяжкім маральным стане. Трэба было проста з кімсьці паразмаўляць. І раптам – прасвятленне – Ірына. Але ў мяне не было нават яе нумара тэлефона. Давялося звярнуцца да агульных знаёмых», – расказвае Аляксандр.
Ірына званку здзівілася. Але размову не перарвала. Адна размова, другая... А потым сустрэча.
«І вось 14 лютага 2025 года, у Дзень усіх закаханых, мы зноў пабраліся», – усміхаецца Аляксандр.
Маладыя поўныя аптымізму. Жыць плануюць у Гародні: будуць ізноў будаваць сваё сямейнае шчасце.