Reuters: ЗША прыстрашыла адключыць Украіну ад Starlink
31- 22.02.2025, 11:33
- 12,496

У выпадку непадпісання ўгоды па карысных выкапнях.
Прадстаўнікі ЗША, якія ўдзельнічаюць у перамоўным працэсе з Украінай і Расеяй, прыстрашылі закрыць украінскім ваенным доступ да жыццёва важнай сістэмы спадарожнікавага інтэрнэту Starlink Ілана Маска. Такую інфармацыю агучыла агенцтва Reuters, спасылаючыся на тры ананімныя крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.
Паводле звестак крыніц агенцтва, пытанне аб далейшым доступе Украіны да прыналежнай кампаніі SpaceX спадарожнікавай сістэме Starlink было ўзнятае падчас перамоў паміж афіцыйнымі асобамі ЗША і Украіны пасля таго, як прэзідэнт Уладзімір Зяленскі адхіліў першапачатковую прапанову міністра фінансаў ЗША Скота Бэсэнта.
Прапанаванае ім пагадненне прадугледжвала перадачу ЗША блізу 50% правоў на ключавыя рэдказямельныя мінералы, якія ёсць у распараджэнні Украіны. Зяленскі ў мінулыя выходныя заявіў, што гэты дакумент не абараняе інтарэсы Украіны і прапанову адхіліў.
Паводле звестак Reuters, гэтае пытанне зноў было ўзнятае ў мінулы чацвер, 20 лютага, падчас сустрэч спецпрадстаўніка ЗША што да Украіны Кейта Келага і Зяленскага. Як распавяла адна з крыніц агенцтва, дасведчаная аб ходзе перамоў, але якая пажадала застацца неназванай, падчас сустрэч прадстаўнікі ЗША заявілі, што Украіне «пагражае немінучае адключэнне паставак, калі яна не дасягне дамовы па крытычна важных мінералах».
«Украіна працуе на Starlink. Яны ўважаюць яго сваёй Палярнай зоркай. Страта Starlink стане велізарным ударам», - заявіла крыніца.
Тым часам у пятніцу, 21 лютага, Зяленскі заявіў, што каманды ЗША і Украіны працуюць над пагадненнем, а Трамп і ўвогуле заявіў, што чакае яго хуткага падпісання.