Der Standard: «Райффайзенбанк» у РФ можа купіць зяць Орбана
8- 22.02.2025, 16:16
- 3,594

Ідуць «сур'ёзныя перамовы».
Вугорскі мільянер Іштван Тыбарц можа купіць расейскае падраздзяленне аўстрыйскай банкаўскай групы Raiffeisen Bank International AG (RBI). Пра гэта ў пятніцу, 21 лютага, паведаміла аўстрыйская газета Der Standard са спасылкай на крыніцы, адзначае "Нямецкая хваля".
Само выданне называе гэтую інфармацыю "пагалоскай з банкаўскіх колаў", але адзначае, што паміж RBI і Тыбарцам ідуць "сур'ёзныя перамовы". У іх таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі Цэнтрабанка і адміністрацыі прэзідэнта РФ. Менавіта Масква прапанавала Тыбарцу як магчымага пакупніка, піша Der Standard.
З ейных звестак, гэтае пытанне ўжо абмяркоўвалася наглядальнай радай RBI у Вене. Пасяджэнне ўзначаліў Эрвін Хамезедэр - кіраўнік інвестхолдынга Raiffeisen-Holding Niederösterreich Wien. Некаторыя ў кіраўніцтве RBI выступілі супраць.
Паводле інфармацыі Der Standard, у прапанаванай угодзе будзе фінансава ўдзельнічаць найбуйнейшы банк Вугоршчыны OTP Bank, які, як і RBI, працягвае працаваць у Расеі.
Вугорскі бок зняпраўдзіў інфармацыю
У адказ на запыт Der Standard у RBI прама не аспрэчылі і не пацвердзілі гэтыя звесткі. Там толькі адзначылі, што ў сувязі з рашэннем расейскага суда ад 5 верасня 2024 г. RBI цяпер не можа перадаць свае акцыі ў АТ "Райффайзенбанк". Тыбарц і OTP Bank зняпраўдзілі, што зацікаўлены ў набыцці "Райффайзенбанка".
38-гадовы Тыбарц - адзін з найбагацейшых людзей Вугоршчыны. Вугорскі Forbes ацэньвае яго багацце ў 151,5 млрд форынтаў (блізу 370 млн еўраў). З 2013 года бізнэсовец ажаніўся, яго выбранніцай стала Рахель Орбан - старэйшая дачка прэм'ер-міністра краіны. Усяго ў Віктара Орбана пяць дзяцей.