Трамп звольніў кіраўніка Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў
21- 22.02.2025, 18:44
- 10,156

Амерыканскі прэзідэнт правёў беспрэцэдэнтныя перастаноўкі ў вайсковым кіраўніцтве ЗША.
Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп адправіў у адстаўку старшыню Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў (АКНШ) УС ЗША Чарльза Браўна і яшчэ пяць адміралаў і генералаў падчас беспрэцэдэнтных перастановак у вайсковым кіраўніцтве краіны.
Кіраўнік Белага дома ў пятніцу, 21 лютага, паведаміў у сацсетцы Truth Social, што вылучыць генерала ВПС ЗША Дэна Кейна ў якасці пераемніка Браўна, піша «Нямецкая хваля».
Тым самым Трамп парушыў даўнюю традыцыю, у рамках якой новыя лідары Злучаных Штатаў як правіла захоўваюць прызначэнцаў папярэдніх адміністрацый на вышэйшых вайсковых пасадах, канстатавалі агенцтвы dpa і Reuters.
- Жадаю падзякаваць генералу Чарльзу… Браўну за яго больш за 40-летнюю службу нашай краіне <…> Ён - выдатны джэнтльмен і выбітны лідар, і я жадаю яму і яго сям'і вялікай будучыні, - адзначыў амерыканскі лідар.
- Генерал Кейн - дасведчаны пілот, эксперт у нацбяспецы, паспяховы прадпрымальнік і "баец" са значным досведам міжведамасных і спецыяльных аперацый, - дадаў ён.
Паводле версіі Трампа, падчас яго першага тэрміна Кейн адыграў важную ролю ў "поўным знішчэнні халіфата" тэрарыстычнай арганізацыі "Ісламская дзяржава" (ІГ) - гэта "было зроблена ў рэкордна кароткія тэрміны".