У Трампа заявілі, што да заканчэння вайны ва Украіне застаўся тыдзень
41- 23.02.2025, 8:35
- 24,088

Дату агучыла прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп упэўнены, што зможа заключыць пагадненне аб заканчэнні расейска-ўкраінскай вайны цягам наступнага тыдня. Пра гэта журналістам заявіла прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт, піша The Hill.
«Прэзідэнт, ягоная каманда вельмі сканцэнтраваныя на прадаўжэнні перамоваў з абодвума бакамі гэтай вайны, каб пакласці канец канфлікту, і прэзідэнт вельмі ўпэўнены, што мы зможам зрабіць гэта на гэтым тыдні», – сказала Левіт.
Паводле ейных словаў, дарадца ў нацыянальнай бяспецы Мэт Уолц будзе працаваць над пагадненнем «кругласутачна» на гэтых выходных.
Левіт таксама падкрэсліла, што міністр фінансаў Скот Бэсэнт удзельнічаў у абмеркаванні з украінскім бокам прапанаванага пагаднення датычна здабычы карысных выкапняў.
«Калі гаворка ідзе пра крытычныя карысныя выкапні, гэта важная частка для прэзідэнта. Гэта вельмі важна для прэзідэнта, бо гэта дазволіць вярнуць амерыканскія падаткі. І гэта таксама будзе вялікім эканамічным партнёрствам паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і ўкраінскім народам, які аднаўляе сваю краіну пасля гэтай жорсткай вайны», – падкрэсліла Левіт.
Нагадаем, 22 лютага выданне Reuters апублікавала матэрыял пра тое, што Украіну адключаць ад Starlink, калі не падпіша пагадненне аб рэдказямельных выкапняў.
У гэты самы дзень Дональд Трамп заявіў, што або Украіна падпісвае пагадненне датычна рэдказямельных выкапняў, або ў Кіева будуць «праблемы».