Эксперт: Лукашэнку схіляюць да самагубства
22- 23.02.2025, 14:05
- 28,472

Інфармацыя выкарыстоўваецца як інструмент ціску на дыктатара.
Гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман расказаў пра новую складаную сітуацыю, у якой апынуўся Лукашэнка ў сувязі з гіпатэтычнай угодай з ЗША.
– Відавочна, што Крыс Сміт быў у Менску, і Лукашэнку было важна не толькі адправіць дэлегацыю на перамовы, але і самому з ім пагутарыць. Гэта значыць, зацікаўленасць з боку Лукашэнкі ёсць. І гэта лагічна, – каментуе Аляксандр Фрыдман на DW перамовы паміж Менскам і Вашынгонам.
У сённяшняй сітуацыі Лукашэнка баіцца, што вайна ва Украіне спыніцца, хто ведае, што там будзе заключана, а ён застанецца сам-насам з Расейскай Федэрацыяй, страціўшы для яе значэнне, і прыціскаць яго будуць значна мацней.
Таму ўгода з ЗША, на думку аналітыка, магла б стаць для Лукашэнкі новай магчымасцю для манеўру. Але ёсць адно «але».
– Лукашэнка з задавальненнем гэта зрабіў бы, але іншае пытанне, наколькі ён гатовы на нейкія кампрамісы, – тлумачыць Аляксандр Фрыдман. – Гэта абсалютна дакладныя патрабаванні, якія вядуць да дэмакратызацыі Беларусі, вызвалення палітвязняў, але для Лукашэнкі гэта палітычнае самагубства. Ён жа з 2020 году трымаецца на рэпрэсіях.
Калі Лукашэнка пачне выконваць гэтыя патрабаванні, няхай нават за скасаванне санкцый або іх паслабленне, калі проста пачне нейкую лібералізацыю, – гэта будзе азначаць пілаваць сук, на які забраўся. І мне падаецца, што на палітычнае самагубства Лукашэнка пасля ўсяго, што ён перажыў (асабліва ў 2020 годзе), не пойдзе.
З іншага боку, адзначае аналітык, ёсць таксама вялізны скепсіс наконт адміністрацыі Трампа і яе гатоўнасці сапраўды дамагацца лібералізацыі ў Беларусі і вызвалення палітвязняў.
– Дональд Трамп не праявіў сябе як змагар за свабоду і дэмакратыю. Баюся, што лёс беларускіх палітвязняў яму абсалютна абыякавы. Ён вядзе свае геапалітычныя гульні, якія пакуль нічога не вартыя, – тлумачыць Аляксандр Фрыдман.
Аналітык таксама зрабіў сваю здагадку датычна таго, чаму, нягледзячы на замоўчванне беларускім бокам, інфармацыя пра пагадненне патрапіла ў заходнюю прэсу.
– Мне здаецца, гэта сведчыць, што зліў быў мэтанакіраваны. Адна з прычынаў – крышку націснуць на Лукашэнку, таму што тое, як гэта апісваецца, яму не вельмі выгадна, не вельмі прыемна, – мяркуе Аляксандр Фрыдман. – Таму беларускай дзяржаўнай прапагандзе няма чаго асабліва каментаваць.
Гэта з аднаго боку. А з іншага боку, каб прадэманстраваць сваю актыўнасць, Трампу вельмі важныя публічныя крокі. І што да беларускіх палітвязняў, то калі ў Вашынгтоне вызначаць, што з дапамогай гэтай тэмы можна будзе звярнуць на сябе ўвагу, палепшыць свой імідж, яны могуць і націскаць у гэтым кірунку.
Аналітык мяркуе, што на гэты момант інфармацыя выкарыстоўваецца як інструмент ціску на Лукашэнку.
– Можа быць, з прыцэлам на тое, каб паказаць яго патронам – а менавіта Расеі і Кітаю, што вось, глядзіце, там ідуць нейкія кансультацыі, нейкія перамовы і галоўнае – Лукашэнка праяўляе цікавасць. А і Уладзімір Пуцін, і Сі Цзіньпін выдатна разумеюць, з кім яны маюць справу. І разумеюць, што палітычная вернасць – гэта не гісторыя Аляксандра Лукашэнкі.