WSJ: Хаўруснікі ЗША ў Азіі не давяраюць Трампу
11- 23.02.2025, 10:30
- 8,414

Палітык можа заключыць угоду з Сі Цзіньпінам пра спрэчныя тэрыторыі.
Рэзкая змена палітыкі Дональда Трампа ў мірных перамовах з Расеяй датычна вайны ва Украіне напалохала некаторых чыноўнікаў у Азіі і выклікала занепакоенасць з нагоды прыхільнасці ЗША бяспекі рэгіёну.
Як піша The Wall Street Journal, у гэтым месяцы адбылося кардынальнае змяненне палітыкі ЗША ў дачыненні да Расеі, і адміністрацыя Дональда Трампа пагадзілася пачаць з Масквой прамыя мірныя перамовы, пры гэтым выключыўшы з іх Украіну і яе еўрапейскіх хаўруснікаў. Такія дзеянні занепакоілі хаўруснікаў ЗША ў Азіі, зазначае выданне.
«На публіцы чыноўнікі Тайваня, Філіпінаў, Японіі і Паўднёвай Карэі, якія спадзяюцца на ЗША ў сваёй абароне, выказалі ўпэўненасць, што Вашынгтон падтрымае іх у выпадку агрэсіі з боку Кітая ці Паўночнай Карэі. Аднак у прыватным парадку некаторыя чыноўнікі выказалі непакой, што Трамп можа заключыць нейкую ўгоду з кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам датычна спрэчных тэрыторыяў у Азіі або дазволіць ядзернай праграме Паўночнай Карэі заставацца пагрозай», – гаворыцца ў артыкуле.
Сярод іншага, Хуліа С. Амадор III, які працаваў у офісе прэзідэнта Філіпінаў у 2017 і 2018 гадах, заявіў, што нядаўнія дзеянні Вашынгтона ў дачыненні да Украіны засмуцілі частку сілавых структураў ягонай краіны. «У прыватным парадку вядуцца размовы, якія на самай справе паказваюць занепакоенасць», – сказаў ён.
Амадор сказаў, што іншыя краіны Паўднёва-Усходняй Азіі, якія былі больш асцярожныя ў дачыненні да далучэння да ЗША, магчыма, перажываюць момант кшталту «я ж гаварыў». Ён сказаў, што змена палітыкі ЗША ў Еўропе сігналізуе, што азіяцкія краіны павінны ўзяць на сябе адказнасць за сваю абарону.
Лін Куок, навуковая супрацоўніца Цэнтра даследаванняў азіяцкай палітыкі Інстытута Брукінгса ў Вашынгтоне, сказала, што Трамп у канчатковым выніку можа захацець эканамічнага ўрэгулявання з Кітаем і што ягоная пераарыентацыя датычна Украіны павінна прымусіць хаўруснікаў Амерыкі ў рэгіёне перадумаць.
«Калі Вашынгтон гатовы заключыць угоду з Пуціным за кошт Еўропы, – сказала яна. – Азія можа толькі спытаць, ці зробіць яна тое самае з Сі за кошт Азіі».