Удар па прыватніках і сюрпрызы ад банкаў: У Беларусі будуць важныя навіны
7- 23.02.2025, 17:15
- 17,076

Стала вядома, што зменіцца ў сакавіку.
У Беларусі ў сакавіку пачне працаваць указ Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога мясцовыя ўлады будуць узгадняць кіраўніцтва арганізацый усіх формаў уласнасці, у тым ліку прыватнай.
Да 31 сакавіка беларусам трэба паспець даць справаздачу пра падаткі за 2024-ы. З 1 сакавіка мабільныя аператары А1, МТС і life:) зменяць умовы роўмінгу ў Расеі.
«Люстэрка» склала падборку зменаў сакавіка, якія здольныя паўплываць на таўшчыню кішэняў беларусаў.
Змены для прыватных кампаній
З 1 сакавіка пачне дзеянне ўказ Аляксандра Лукашэнкі «Аб узмацненні ролі старшыняў выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў». Сярод іншага дакумент істотна пашырае кадравыя паўнамоцтвы чыноўнікаў. Так, напрыклад, старшыні раённых і гарадскіх райвыканкамаў будуць узгадняць кандыдатуры кіраўнікоў размешчаных на адпаведнай тэрыторыі арганізацый, філіялаў паводле пераліку, які вызначаецца адпаведным выканкамам.
Раней кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты заяўляў, што паводле гэтага ўказу кіраўнікі раёнаў будуць узгадняць кіраўніцтва арганізацый усіх формаў уласнасці, але без «драбязы».
Паспець даць справаздачу перад падатковай
Да 31 сакавіка ўключна беларусы павінны падаваць дэкларацыі за 2024 год. Пры гэтым аплаціць выстаўлены падатак трэба будзе да 2 чэрвеня гэтага года ўключна. Памеры збору будуць указаныя ў паведамленнях, якія дашлюць падаткавікі. Такія лісты ад іх мусяць прыйсці да 30 красавіка.
Новаўвядзенне ў роўмінгу
З 1 сакавіка мабільныя аператары А1, МТС і life:) зменяць умовы роўмінгу ў Расеі. Новаўвядзенне прадугледжанае дамоўленасцямі Менска і Масквы ў рамках Саюзнай дзяржавы. Абнаўленні закрануць тарыфы з інтэрнэт-трафікам, уваходнымі і выходнымі званкамі для беларускіх абанентаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі РФ.
Паспець заплаціць страхавыя ўнёскі
Да 1 сакавіка ўключна індывідуальныя прадпрымальнікі, адвакаты і натарыусы павінны заплаціць абавязковыя страхавыя ўнёскі ў Фонд сацабароны насельніцтва за 2024 год. Штомесячныя плацяжы не могуць быць меншыя за 35% ад мінімальнай заробку. Гэта 219,1 рубля. За ўвесь 2024 год атрымліваецца 2629,2 рублі, калі ІП працаваў без перапынкаў.
Новаўвядзенне для анлайн-гандлю
У Беларусі з 1 сакавіка гэтага года да 30 чэрвеня 2026-га дазволяць анлайн-гандаль ювелірнымі вырабамі беларускай вытворчасці.
Раней такія паслабленні ў Беларусі ўжо ўводзілі – з 12 красавіка 2021 года, а потым перыядычна прадаўжалі.
Змены ад банкаў
З 10 сакавіка сёлета мяняе правілы карыстання карткамі таксама «Банк РРБ». У новых правілах банк прапісаў, як будуць апрацоўваць персанальныя звесткі трымальнікаў «пластыка». Удакладняецца, што іх будуць перадаваць кампаніі «СмартПрацэсінг» для «стварэння, персаналізацыі і суправаджэння карткі на ўвесь тэрмін дзеяння дамоўных стасункаў». Гэтая фірма прапануе працэсінгавыя паслугі банкам у апрацоўцы аперацый з карткамі, а таксама ў банкаматах.
«МТБанк» да 9 сакавіка прапануе бонусы трымальнікам карты «Кевер». З 14 лютага да 9 сакавіка пры аплаце гэтай картай у некаторых рэстаранах кліент атрымае 15% ад памеру бонусаў. Потым іх можна выдаткаваць у «Каталогу Onlíner».