Расея дэмілітарызуецца
4- Тэлеграм-канал «Дзень апрычніка»
- 23.02.2025, 18:11
- 7,482

Лічбы страт для расейцаў могуць быць занадта страшнымі, а інфармацыя шокавай.
Напярэдадні трэцяй гадавіны так званай «спецаперацыі» улады РФ не знаходзяць час абвясціць страты ў жывой сіле - лічбы для насельніцтва краіны могуць быць занадта страшнымі, а інфармацыя шокавай. Увосень 2022 года апошні раз пра іх афіцыйна заявіў тагачасны міністр абароны Шайгу - 5 937 чалавек.
Ужо хутка каляндар дасць старт чацвёртаму году «СВА», а пра колькасць ахвяр можна толькі варажыць. Пуцін умее лічыць толькі чужыя страты, ды і тое з памылкамі. Паводле ацэнак ваенных экспэртаў, за тры гады Расея страціла палову войска — на пачатак 2025-га ўзброеныя сілы РФ пазбавіліся 172 тысяч чалавек забітымі і 611 тысяч параненымі.
Рэкордныя выплаты за кантракт з МА, якія па задуме ўладаў павінны выправіць сітуацыю з колькасцю асабовага складу, не кампенсуюць рост страт - у апошнія месяцы яны маглі дасягаць 1,5 тысячы чалавек на дзень.
Ды і з тэхнікай бяда. У металалом яна ператвараецца вельмі хутка. Пакуль да канца трэцяга года «спецаперацыі» сітуацыя выглядае такім чынам, што Расея дамагаецца супрацьлеглых мэт «СВА» і дэмілітарызуецца сама.
Тэлеграм-канал «Дзень апрычніка»