ISW: Пуцін баіцца сваіх «ветэранаў»
2- 24.02.2025, 12:29
- 6,116

Кіраўнік Крамля не пойдзе на дэмабілізацыю.
Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін нават у выпадку спынення агню наўрад ці наважыцца на дэмабілізацыю, бо баіцца сваіх «ветэранаў».
Да такой высновы прыйшлі аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Згодна з іх аналізам, апублікаваным 23 лютага, Пуцін яшчэ ў папярэднія гады пачаў кампанію прадухілення з'яўлення незалежнай ветэранскай грамадзянскай супольнасці ў Расеі. Магчыма, Крэмль баіцца, што "ветэраны", якія вярнуліся з вайны РФ супраць Украіны, могуць пагражаць стабільнасці яго рэжыму, паказваюць у ISW.
У справаздачы таксама паведамляецца, што Крэмль выступіў з шэрагам ініцыятыў для залучэння на свой бок лаяльных “ветэранаў” і фармаванню кантраляваных дзяржавай “ветэранскіх” арганізацый і ў той жа час спрабуе прымусіць замаўчаць тых, хто пярэчыць супраць працягу расейскай агрэсіі ва Украіне ці ставіць пад сумнеў пастановы расейскага ўрада.
У ISW указалі, што Пуцін, відавочна, спрабуе пазбегнуць сучаснага аналага ветэранскай грамадзянскай супольнасці, які з'явіўся пасля вываду савецкіх войскаў з Афганістана, паколькі баіцца палітычнай нестабільнасці.
“Пуцін асцерагаецца рызык і праблем, звязаных з рэінтэграцыяй больш за 700 000 “ветэранаў” у расейскае грамадства, і таму наўрад ці правядзе поўную або хуткую дэмабілізацыю - нават у выпадку ўрэгулявання вайны ва Украіне шляхам перамоваў”, - канстатуюць аналітыкі.
У ISW падкрэслілі, што Злучаныя Штаты і супольнікі Украіны, пры ацэнцы перамоўнай пазіцыі Расеі і патрабаванняў аб забеспячэнні трывалага міру, павінны ўлічваць страх Крамля перад узнікненнем ветэранскіх груп і дэмабілізацыяй.
Расейская ўлада ўспрымае дэмабілізацыю "ветэранаў" як патэнцыйную пагрозу стабільнасці рэжыму, акцэнтуюць аналітыкі.