Беларус пра вайсковыя зборы: Многія плююцца, гледзячы на гэта ўсё
11- 24.02.2025, 13:52
- 16,968

Шчыры расповед пра праблемы ў беларускім войску.
8 лютага Міністэрства абароны дало справаздачу, што першыя групы выкліканых позвамі вайскоўцаў ужо выбылі ў вайсковыя часці для «баявога зладжвання» ўскладзе падраздзяленняў.
Сяргея павезлі ў Берасцейскую вобласць, расказвае «Белсат». Паведамілі, што адпраўляюць на вайсковыя зборы ў сілы тэрытарыяльнай абароны. Там пераадзелі ва ўніформу і накіравалі ў месца размяшчэння ваеннаабавязаных. Разам з мужчынам на зборах былі блізу 200 чалавек. У кожнага дома засталіся справы, праца, сям'я. Некаторых забралі на зборы без папярэджання, проста з працоўнага месца.
«Многія плююцца, гледзячы на гэта ўсё, але адкрыта не скардзяцца - баяцца. Палітыку не абмяркоўваюць. Некалькі дзён асабліва не чапалі, далі адаптавацца, а потым пачалося - спалі некалькі гадзін. Многія амаль адразу захварэлі. Потым пачалі прамываць мазгі: «Нас хочуць захапіць, але мы не здадзімся, мы тут, каб ім усім паказаць». У асноўным дзецюкі проста сядзяць і моўчкі слухаюць ідэолага. Хаця ўсе разумеюць: гэтыя зборы – праз вайну ва Украіне. Але ёсць пара-тройка заўзятых лукашыстаў. Яны разам з расейцамі гатовыя нас ад украінцаў абараняць. Пачынаеш задаваць пытанні кшталту «яны ж на нас не нападалі», а там проста каша ў галаве. Лепш не чапаць, бо пасля збораў хачу дадому, а не за краты праз «палітыку».
З тэхнікай, паводле суразмоўцы, на зборах усё сумна. У асноўным - вельмі старая і сапсаваная. Большасць тэхнікі глухне ўжо праз 5-10 км. З браняванай тэхнікі, з адчуванняў, у нармальным працоўным стане - 10-15%.
«Адзін хлопец выклаў фота нашага размяшчэння - і зараз за ўсімі сочаць, - кажа суразмоўца. - Таму, хто размясціў, пагражае пакаранне. Якое, пакуль не ведаем. Яго павезлі некуды. Недалёка ад нас паставілі глушылку. Там не тое што інтэрнэту, мабільнай сувязі практычна няма».
Як расказаў Сяргей, плануецца, што пад кіраўніцтвам інструктараў ваеннаабавязаныя будуць вывучаць прыёмы выведкі, вядзення бою з акопа, кіданне вучэбных гранат, тактыку перамяшчэння падчас бою.
«Пакуль гэта цяжка сабе ўявіць. Назіраю толькі хаос і неарганізаванасць - і на вучэннях, і нават на этапе транспартавання ў падраздзяленне. Сказалі толькі, што патронаў, як звычайна, шкадаваць не будуць. Будзем страляць з пісталета Макарава і аўтамата Калашнікава».