24 лютага 2025, панядзелак, 21:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік МЗС Турцыі падтрымаў уступленне Украіны ў NATO

2
Кіраўнік МЗС Турцыі падтрымаў уступленне Украіны ў NATO
Хакан Фідан

Хакан Фідан заявіў, што гэта афіцыйная пазіцыя турэцкіх улад.

Турцыя не пярэчыць супраць уступлення Украіны ў NATO, заявіў турэцкі міністр замежных спраў Хакан Фідан у інтэрв'ю тэлеканалу Bloomberg TV. Аднак Анкара заклікае да рэалістычнага і прагматычнага падыходу ў гэтым пытанні, дадаў ён, падкрэсліўшы: афіцыйная пазіцыя ўладаў Турцыі падтрымлівае ўступленне Украіны ў альянс.

24 лютага Фідан правёў перамовы з кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым, падчас якіх абмяркоўвалася ўкраінская тэматыка і двухбаковае супрацоўніцтва. Міністр адзначыў, што Турцыя дэталёва дасведчаная аб расейска-амерыканскіх перамовах, якія адбыліся ў Эр-Рыядзе 18 лютага. З яго слоў, Анкара зацікаўленая ў стабільнасці, міры і росквіце як Украіны, так і Расеі.

Раней прэзідэнт Турцыі Раджэп Таіп Эрдаган на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім заявіў, што Турцыя гатовая стаць «ідэальнай платформай» для перамоў паміж Кіевам, Масквой і Вашынгтонам, накіраваных на дасягненне мірнага ўрэгулявання. Эрдаган асабліва падкрэсліў, што Анкара ўважае павагу тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны абавязковай умовай, і пацвердзіў гатоўнасць Турцыі садзейнічаць арганізацыі дыялогу.

Пры гэтым увосень 2024 года Эрдаган адзначаў, што ўступленне Украіны ў NATO не з'яўляецца «пытаннем, з якім спяшаюцца». Падчас выступу на Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку ён заявіў, што ЗША і іншыя заходнія краіны не жадаюць бачыць Украіну ў альянсе. «Мы абмяркоўваем гэтыя пытанні калегіяльна і ўлічваем меркаванне іншых краін-чальцоў NATO, перш чым прымаць канчатковую пастанову», - адзначаў тады турэцкі прэзідэнт.

20 лютага стала вядома, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа разглядае магчымасць аўтаматычнага ўступлення Украіны ў NATO ў выпадку, калі Расея парушыць умовы магчымага мірнага пагаднення. Паводле звестак крыніц NBC News, гэты механізм можа стаць адной з гарантый бяспекі, на якіх намагае Кіеў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках