Названыя даты школьных вакацыяў у 2025/26 навучальным годзе ў Беларусі
- 24.02.2025, 20:00
- 1,756

Для некаторых вучняў прадугледжаныя дадатковыя выхадныя дні.
Сталі вядомыя даты школьных вакацыяў у 2025/26 навучальным годзе.
Графік вызначаны лістом Міністэрства адукацыі. Ён размешчаны на сайце ўстановы.
Так, вызначана, што восеньскія вакацыі прадоўжацца восем дзён – з 2 да 9 лістапада 2025 года ўключна.
На зімовых вакацыях школьнікі адпачнуць 14 дзён – з 25 снежня 2025 да 7 студзеня 2026-га ўключна.
На вясновых для адпачынку адведзеныя восем дзён. Пройдуць яны з 22 да 29 сакавіка 2026 года ўключна.
Для большасці школьнікаў самыя доўгія вакацыі прадоўжацца 92 дні – з 1 чэрвеня да 31 жніўня 2026 года.
Выпускнікі дзявятых класаў летам адпачнуць цягам 82 дзён – з 11 чэрвеня да 31 жніўня 2026 уключна.
А навучэнцы восьмых класаў кадэцкіх вучэльняў, сувораўскай вучэльні, спецліцэяў, навучэнцы дзясятых класаў (за выключэннем навучэнцаў спецыялізаваных у спорце класаў, вечаровых класаў, санаторных школаў, вучэльняў алімпійскага рэзерву) – 87 дзён. Іх летнія вакацыі пачнуцца з 6 чэрвеня і прадоўжацца да 31 жніўня 2026 года ўключна.
Для навучэнцаў 1–2-х класаў (3-х класаў – для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з пяцігадовым тэрмінам навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі) у трэцяй чвэрці прадугледжаныя дадатковыя вакацыі з 16 лютага да 22 лютага 2026 года. Яны прадоўжацца сем дзён.
Першая чвэрць у наступным навучальным годзе ў школах пачнецца 1 верасня, а прадоўжыцца да 1 лістапада 2025 года.
Другая чвэрць – з 10 лістапада да 24 снежня 2025-га, трэцяя – з 8 студзеня да 21 сакавіка 2026-га, чацвёртая – з 30 сакавіка да 31 траўня 2026-га, а для навучэнцаў 9-х (10-х) – 11-х (12-х) класаў – з 30 сакавіка да 25 траўня 2026-га.