25 лютага 2025, aўторак, 0:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У рэгіёнах Расеі прайшлі антываенныя пікеты

5
У рэгіёнах Расеі прайшлі антываенныя пікеты

У розных гарадах таксама з'яўляюцца стыхійныя мемарыялы ў гадавіну вайны.

24 лютага, у трэцюю гадавіну пачатку развязанай Уладзімірам Пуціным вайны ва Украіне, расейцы ў розных рэгіёнах краіны выходзілі на адзіночныя пікеты і афармлялі стыхійныя мемарыялы ў памяць пра загінулых. На гэта звярнула ўвагу «Говорит НеМосква», паведамляе The Moscow Times.

84-гадовая жыхарка Санкт-Пецярбурга Людміла Васільева, якая дзіцем перажыла блакаду Ленінграда, зладзіла адзіночны пікет ля Гасцінага двара. Жанчына, якая выказваецца супраць губернатара рэгіёну Аляксандра Бяглова і супраць вайны ва Украіне, трымала ў руках плакат з надпісам: «Людзі, спынім вайну! Мы адказныя за мір на планеце Зямля».

Паводле словаў жанчыны, паліцыянты спачатку хацелі яе затрымаць, а потым амаль гадзіну ўгаворвалі згарнуць пікет. «Я ім усё сказала: што яны выконваюць злачынныя загады, што яны таксама адказныя за гэтую вайну і што хлопцы паміраюць. Яны згаджаліся са мной. Гэта яны мяне баяліся, а не я іх», – расказала Васільева выданню «Бумага». Улетку 2024 года на сына Васільевай склалі пратакол аб «дыскрэдытацыі» войска.

Акрамя таго, у Пецярбургу з'явіліся стыхійныя мемарыялы ля Салавецкага каменя і помніка Тарасу Шаўчэнку.

У Барнавуле мясцовая жыхарка выйшла да помніка ахвярам палітычных рэпрэсій на плошчы Свабоды з надпісам «Міру – мір!» Да яе падышлі двое паліцыянтаў і, меркавана, супрацоўнік цэнтра «Э» ў цывільным. Жанчыну не затрымалі, але зафіксавалі на камеру. Жыхарку Уфы Аіду Нурыеву даставілі ў аддзел паліцыі пасля праведзенага ёй пікету з плакатам «Нам дворцов заманчивые своды не заменят никогда свободы».

У Томску мясцовыя жыхары ўсталявалі на праспекце Міру і ля Паклоннага крыжа на гары Каштак антываенныя шыльдачкі, сведчаць дасланыя рэдакцыі «Говорит НеМосква» фатаграфіі. На іх размясцілі тэкст: «Тры гады вайны, бяды і ганьбы. Нам не прабачаць», а таксама дадалі апісанне артыкула 353 КК РФ – Планаванне, падрыхтоўка, развязванне або вядзенне агрэсіўнай вайны. Таксама людзі аформілі стыхійныя мемарыялы каля помніка ахвярам палітычных рэпрэсій у Салехардзе.

У Маскве ўскладалі кветкі да помніка ўкраінскай літаратарцы Лесі Украінцы. Прадстаўнікі «Z-лагеру» некалькі разоў выкідвалі іх, а супрацоўнікі паліцыі запісвалі звесткі людзей. Таксама масквічы чыталі вершы ля помніка паэту Булату Акуджаву.

У Екацерынбурзе ўскласці кветкі да помніка ахвярам палітычных рэпрэсій было немагчыма, бо доступ да яго перакрылі паліцыянты. У Пермі ўлады ўзгаднілі масавы пікет на тэму «Публічнае выказванне меркавання ў пытаннях дасягнення мірнай абстаноўкі і спрыяльнага навакольнага асяроддзя негвалтоўнымі спосабамі на тэрыторыі Расеі». Аднак пазней акцыю перанеслі з 18-й на 21-ю пад маркай «аварыйных працаў».

За тры гады вайны ва Украіне ў Расеі ў сувязі з антываеннай пазіцыяй затрымалі 20081 чалавека, падлічылі ў «АУС-Інфа». 18,9 тысячы з іх былі затрыманыя ў першы год вайны, у 2022-м. У 2023 годзе было вядома пра 274 выпадкі затрыманняў праз публічныя акцыі, у 2024–2025 гадах зафіксаваныя 82 затрыманні, большасць з якіх – у Маскве (27 выпадкаў) і Пецярбургу (13 выпадкаў). Акрамя таго, крымінальны пераслед зазналі і былі затрыманыя за антываенную пазіцыю яшчэ 1185 чалавек.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках