Два раёны Менска засталіся без святла і вады
- 25.02.2025, 12:13
- 4,932

Праз аварыйнае адключэнне падстанцыі.
У аўторак, 25 лютага, у Першамайскім і Савецкім раёнах Менска знікла электраэнэргія. Як паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал Савецкага раёна сталіцы, гэта было звязана з аварыйным адключэннем падстанцыі "Зялёны луг".
Электраэнэргія адключылася а 8.47. Святло знікла не толькі ў жылых, адміністрацыйных і гандлёвых будынках, але і ў вулічнай сетцы. У выніку чаго ДАІ паведамляла аб святлафорах, якія часова не працуюць, на шэрагу вуліц.
Пазней з'явілася паведамленне, што да 9.30 большасць спажыўцоў былі падлучаныя да электрасетак. Але ва УП "Менскводаканал" расказалі, што праз праблемы з электраэнэргіяй на водазаборы № 5 "Бараўляны" адбылося спыненне помпавага абсталявання.
Праз гэта ў вадаправоднай сетцы ў раёне вуліц Мірашнічэнкі — Сядых — Лагойскі тракт — Гамарніка — Каліноўскага — Цікоцкага — Карбышава сёння могуць быць праблемы з якасцю вады.