У Кангрэс ЗША ўнеслі праект рэзалюцыі ў падтрымку Украіны
14- 25.02.2025, 21:01
- 15,718

Падрабязнасці.
У Палату прадстаўнікоў ЗША падалі праект рэзалюцыі ў падтрымку Украіны ў абароне ад расейскага ўварвання. Аўтарамі ініцыятывы з'яўляюцца сябры «Украінскага кокусу» ў Кангрэсе.
Пра гэта паведамляе амбасадарка Украіны ў ЗША Аксана Маркарава ў Facebook.
Яна адзначыла, што чальцы Палаты прадстаўнікоў прапанавалі на разгляд двухпартыйны праект рэзалюцыі «Аб ушаноўванні гераічных ахвяраў народа Украіны праз 3 гады пасля незаконнай і несправакаванай вайны прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна супраць Украіны 24 лютага 2022 года і аб прызнанні жудаснага кошту злачынстваў, якія Расея ўчыняла супраць чалавецтва цягам сваёй агрэсіі».
У прэамбуле дакумента падкрэсліваецца, што ўварванне Расеі ва Украіну пачалося ў 2014 годзе. Пры гэтым расейскі дыктатар пачаў поўнамаштабную вайну, каб захапіць усю тэрыторыю Украіны.
Таксама ў прэамбуле згадваюцца больш за 100 тысячаў вайсковых злачынстваў расейцаў супраць Украіны, дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей у Расею і забойствы цывільных украінцаў, якія здзяйснялі акупанты.
У асноўнай частцы рэзалюцыі кангрэсмэны, сярод іншага, прапануюць:
пацвердзіць адданасць народу Украіны і катэгарычную падтрымку Украіны;
асудзіць расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна;
выказаць неабходнасць аднаўлення кантролю Украіны над часова акупаванымі тэрыторыямі;
пацвердзіць важнасць Будапешцкага мемарандуму і заклікаць Расею паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.