Навукоўцы даведаліся, як менавіта ваўкі ператварыліся ў сабак
5- 26.02.2025, 19:17
- 4,306

Эвалюцыйны працэс праходзіў праз два этапы.
Прыручэнне ваўкоў і ператварэнне іх у сабак, верагодна, адбылося з ініцыятывы саміх драпежнікаў, якія ўпадабалі суіснаванне з чалавекам замест выжывання ў дзікай прыродзе. Пра гэта піша навуковы веснік Live Science са спасылкай на звесткі новага даследавання.
Выданне адзначае, што навукоўцы да гэтага часу не ведаюць дакладна, як менавіта ваўкі ператварыліся ў ранніх сабак, хоць тэорый на гэтую тэму ёсць нямала. Новае даследаванне, апублікаванае ў часопісе Proceedings of the Royal Society, прааналізавала гіпотэзу, што некаторыя ваўкі з найболей спакойным тэмпераментам самі зайшлі ў чалавечыя селішчы, каб сілкавацца недаедкамі, і падчас суіснавання ператварыліся ў сабак. Атрыманыя даследнікамі вынікі паказалі, што матэматычна гэтая тэорыя мае сэнс.
Паводле сучасных генетычных і археалагічных звестак, сабакі (Canis familiaris) з'яўляюцца вытворным відам ад шэрых ваўкоў (Canis lupus). Ператварэнне ваўка ў сабаку адбылося цягам двух гістарычных перыядаў. У першым, які доўжыўся з 30000 да 15000 гадоў таму, дзікія ваўкі былі прыручыныя ў першых сабак. У другім перыядзе, які пачаўся прыкладна з 15000 гадоў таму, людзі пачалі штучны адбор сабак паводле пэўных характарыстык, ператвараючы іх у асобныя пароды.
Галоўнае пытанне было ў тым, як пачаўся першы этап. Праціўнікі тэорыі самапрыручэння настойваюць, што 15 тысячаў гадоў – гэта занадта мала, каб ваўкі ператварыліся ў сабак, проста жывучы побач з чалавечымі селішчамі і сілкуючыся аб'едкамі. Скептыкі мяркуюць, што ўжо на гэтым этапе людзі павінны былі актыўна ўдзельнічаць у натуральным адборы і самастойна адсяваць агрэсіўных ваўкоў, пакідаючы побач найболей спакойных і пакорлівых.
Але новая мадэль паказала, што гэты працэс мог праходзіць натуральным чынам без актыўнага ўмяшання чалавека. Такое магчыма, калі выконваюцца дзве ўмовы. Па-першае, ваўкі павінны былі ўвесь час заставацца побач з людзьмі, каб ёсць рэшткі ежы, замест выжывання выключна за кошт палявання. Па-другое, яны павінны былі спарвацца з такімі ж спакойнымі ваўкамі, якія жывуць побач з людзьмі, унікаючы скрыжавання з тымі, якія прадаўжаюць жыць дзікім жыццём.
Як адзначаюць аўтары даследавання, сабакі з'яўляюцца першай жывёлінай, якую прыручылі, таму вывучэнне іх эвалюцыі можа дапамагчы навукоўцам лепш зразумець, як прыручэнне можа адбывацца ў іншых відаў. І паколькі працэс прыручэння сабак быў настолькі цесна звязаны з развіццём ранніх чалавечых супольнасцяў – сабакі пасвілі жывёлу ў ранніх чалавечых паселішчах і мігравалі разам з раннімі людзьмі па планеце – разуменне храналогіі можа растлумачыць нашу ўласную гісторыю і тое, як мы самі эвалюцыянавалі, каб мець зносіны з сабакамі і наладжваць стасункі з імі.