У Польшчы астраномы-аматары знайшлі 14 метэарытаў
- 26.02.2025, 20:47
- 1,198

Момант падзення баліда патрапіў на відэа.
У гміне Дрэлуў (Люблінскае ваяводства) астраномы-аматары знайшлі 14 метэарытаў агульнай вагой блізу 2 кг.
Гэта фрагменты баліда, які ўпаў 18 лютага. Унікальнасць знаходкі ў тым, што гэта першы выпадак у Польшчы, калі падзенне метэарыта было зафіксаванае камерамі і пацверджанае знаходкай.
Пра гэта ў эфіры «Польскага радыё» расказаў Матэвуш Жмія, каардынатар сеткі назірання за метэарытамі Skytinel:
«Гэта першы такі поспех польскіх астраномаў і даследнікаў метэарытаў. Да гэтага часу ў Польшчы не было выпадку, калі падзенне метэарыта было б зафіксаванае камерамі, а потым пацверджанае знаходкай. Я адказваў, перш за ўсё, за траекторыю руху гэтага метэарыта ў атмасферы і вызначыў яе. А потым за мадэляванне падзення такіх метэарытаў, якіх ва ўсім свеце не так многа. Крыху больш за 50. Гэта так званы метэарыт з радаводам – ягонае паходжанне было вызначанае, а потым атрымалася знайсці сам аб'ект і вывучыць ягоны склад», – растлумачыў астраном.
Польская сетка назірання Skytinel выканала ключавую ролю ў гэтым адкрыцці. Яна налічвае больш за 50 камераў, дзякуючы якім удалося вызначыць траекторыю падзення метэарыта і ягоныя памеры.