27 лютага 2025, Чацвер, 23:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Украіна разам з Еўропай змогуць перамагчы Расею

4
Наталля Радзіна: Украіна разам з Еўропай змогуць перамагчы Расею
Наталля Радзіна

Дастаткова паглядзець на лічбы.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна стала госцем YouTube-канала вядомага журналіста Яўгена Кісялёва.

Інтэрв'ю пачалося з абмеркавання нашумелага артыкула амерыканскай газеты The New York Times. Выданне са спасылкай на крыніцы сцвярджае, што ЗША рыхтуюць угоду з Лукашэнкам аб масавым вызваленні палітвязняў. Наталля Радзіна задаецца пытаннем, чаму Лукашэнка перастаў выпускаць вязняў сумлення:

— Калі да гэтага артыкула ў Беларусі ўсё ж такі вызвалялі палітвязняў, няхай выйшлі на волю блізу 200 чалавек з 10 тысяч, якія мы маем на гэты момант (гэта прыкладныя лічбы, ніхто не ведае, колькі іх напраўду), то на сёння працэс вызвалення проста спыніўся. Ужо амаль два тыдні мы не атрымліваем навін аб вызваленнях з беларускіх турмаў.

Што гэта за ўгода? Пра гэта паведамлялі еўрапейскія дыпламаты. Перамовы праходзілі падчас візіту ў Менск намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыса Сміта. Ён асабіста сустрэўся з Лукашэнкам і старшынём КДБ Беларусі. Амерыканскі дыпламат вывез на сваім аўто ў Вільню аднаго грамадзяніна ЗША і двух палітвязняў - журналіста «Радыё Свабода» і жыхарку Пінска, якая была арыштаваная за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Пасля гэтага - цішыня. Чаму гэтая ўгода не працуе?

У 2011 годзе Еўразвяз спрабаваў укласці дамову з Лукашэнкам: у абмен на вызваленне палітвязняў Брусэль абяцаў крэдыт сумай два мільярды еўраў і нармалізацыю стасункаў. Пра гэта стала вядома пасля выцеку інфармацыі, што з Лукашэнкам аб гэтым дамовіўся міністр замежных спраў Балгарыі Мікалай Младэнаў, які наведаў Менск. Пасля гэтага выцеку працэс вызвалення палітвязняў спыніўся, Лукашэнка нікога не выпусціў. Магчыма, гэта такі ж выпадак, і дыктатар надумаў не выконваць ніякія дамоўленасці з ЗША.

Магчыма, усё прасцей. Лукашэнка паглядзеў на паводзіны прэзідэнта ЗША, на абмеркаванне зняцця санкцый з Расеі і падумаў, што санкцыі з яго будуць зняты аўтаматычна, без вызвалення палітвязняў. Бо вызваляць людзей ён баіцца. Для яго гэта дэстабілізацыя сітуацыі ў краіне.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org адзначае, што ўгода з Лукашэнкам, калі ЗША здымаюць санкцыі з "Беларуськалія" ў абмен на вызваленне палітвязняў, не можа адбыцца без еўрапейцаў:

- За гэтай дамоўленасцю павінна быць зняцце санкцый на калій з боку ЕЗ. Бо якім чынам у ЗША будзе дастаўляцца калій? Праз найбліжэйшы порт у літоўскай Клайпедзе. А ці пагодзіцца Еўразвяз на зняцце санкцый з дыктатуры, якая працягвае пагражаць краінам Балтыі? Цяпер актыўна абмяркоўваюцца вучэнні "Захад-2025" і гаворыцца, што гэта сур'ёзная пагроза, а з тэрыторыі Беларусі магчымы напад на Літву, Латвію і Польшчу. Бо ў Беларусь будуць зноў уведзены расейскія войскі.

Думаю, што галоўнай тэмай гэтай угоды з'яўляюцца не палітычныя зняволеныя, а спроба адарваць Лукашэнку ад Расеі, не даць Пуціну выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нападаў на Украіну і краіны Балтыі. Думаю, што гэта бесперспектыўная задума. Пуцін моцна трымае Лукашэнку за павадок. Такія спробы адрыву беларускага дыктатара ад Расеі заўсёды заканчвалася няўдачай.

Немагчыма перакрыць тыя рэсурсы, якія Лукашэнка атрымлівае ад Расеі, а сённяшняя Беларусь, на жаль, моцна прывязаная да РФ дамовамі ў вайсковай і эканамічнай сферах. Захаду трэба разумець, што толькі свабодная і дэмакратычная Беларусь з перспектывай уступлення ў NАТО і ЕЗ можа адарвацца ад Расеі і стаць гарантам бяспекі ў рэгіёне. Змовы з дыктатарам ні да чаго не прывядуць. Пацвярджэнне таму - 30 гадоў дыктатуры Лукашэнкі, калі ён спрабаваў гайдацца на геапалітычных арэлях, падманваючы даверлівых амерыканскіх і еўрапейскіх палітыкаў, застаючыся верным сабакам свайго крамлёўскага гаспадара.

Наталля Радзіна патлумачыла, чаму раней ніяк не каментавала артыкул The New York Times:

- Вельмі хачу, каб вызваленне палітвязняў адбылося. Менавіта таму я два тыдні ніяк не каментавала ўгоду, якая нібыта была ўкладзеная паміж ЗША і рэжымам Лукашэнкі. Я чакала, што дамоўленасці спрацуюць і пачнуць вызваляць людзей. Бо для нас самае галоўнае - выратаванне палітвязняў, якіх забіваюць у турмах. Калі яны сапраўды змогуць адарваць Лукашэнку ад Пуціна, а гэта прывядзе да палітычных змен у Беларусі, спынення рэпрэсій, я здыму капялюш перад Трампам і скажу, што ён найвялікшы палітык. Але я бачу, што нічога не адбываецца.

Акрамя таго, 30-гадовы досвед падказвае, што падобныя ўгоды немагчымыя. Ні з Лукашэнкам, які з'яўляецца марыянеткай Пуціна.

Беларуская журналістка расказала, як можна адарваць Беларусь ад Расеі:

- Найлепшае, што можна зрабіць - гэта знішчэнне сённяшняга рэжыму ў Расеі і блакаванне яго імперскіх амбіцыі ў дачыненні да ўсяго нашага рэгіёну. Зрабіць гэта не так складана. Падам вам лічбы. ВУП Еўразвязу і Вялікабрытаніі ў намінале складае 22 трыльёны даляраў, а Расеі — усяго 2 трыльёны. Пры гэтым нядаўна была навіна, што вайсковы бюджэт РФ большы, чым усіх краін Еўразвязу разам узятых. Крэмль сам знішчае сваю эканоміку. А з улікам таго, што ЕЗ рэзка нарошчвае вайсковыя выдаткі, значыць іх будзе нарошчваць і Пуцін, закопваючы сябе ўсё глыбей у магілу.

Таму нам не трэба абмяркоўваць хітрыя варыянты таго, як адцягнуць Беларусь, Малдову ці Грузію ад Расеі, сёння трэба знішчыць саму імперыю, якая пагражае не толькі нашым краінам, але і ўсёй Еўропе. Калі гэта не разумее Трамп, то гэта яго праблемы. Я перакананая, што ягоная спроба ўгоды з Пуціным будзе няўдалай, як былі няўдалыя перамовы з Паўночнай Карэяй падчас першага тэрміну цяперашняга амерыканскага прэзідэнта. Што здарылася пасля гэтага? Кім Чэн Ын працягнуў развіваць ядзерную праграму, стаў яшчэ больш пагражаць Паўднёвай Карэі, а зараз увязаўся ў вайну Расеі супраць Украіны. Дакладна таксама зазнае няўдачу і ўгода Трампа з Пуціным. Няма іншага шляху, як метадычна ціснуць на Расею.

Трамп апынуўся ва ўласнай пастцы. Ён заявіў, што ў стане ўкласці хуткі мір - не атрымалася за 24 гадзіны, так за 100 дзён. Але ў яго нічога не атрымаецца, гэта відавочна. Не ведаю, ці чыталі вы, што сказаў кіраўнік МЗС Лаўрова, які зняпраўдзіў усе заявы, што Расея хоча сесці за стол перамоў і прыйсці да кансэнсусу. Ён заявіў, што «неабходна дэмілітарызацыя Украіны - Еўропа павінна спыніць узбройванне Кіева», далей ён кажа, што «неабходна вызваліць астатнюю частку Украіны ад расейскіх законаў». Што ён мае на ўвазе? Знішчэнне ўкраінскай нацыянальнай дзяржавы. А таксама выступіў супраць размяшчэння еўрапейскіх войскаў на лініі размежавання. Якія могуць быць дамовы з гэтымі людзьмі?

Наталля Радзіна звяртае ўвагу на фундаментальныя супярэчнасці, якія не дазволяць ЗША ўкласці дамову з пуцінскай Расеяй:

- Трамп збіраецца нарасціць пастаўкі нафты і звадкаванага газу ў Еўропу, з іншага боку - зняць санкцыі з Расеі. Натуральна, што амерыканскія энэргарэсурсы не змогуць канкураваць на рынку з расейскімі. Таму што расейская нафта і ЗПГ таннейшыя за амерыканскія.

Спроба адарваць Расею ад Кітая, гэта пра што? Як можна адарваць РФ ад КНР, калі яна абсалютна залежная ад яго? 35% усяго расейскага замежнага гандлёвага абароту прыпадае на Кітай. Да ўвядзення санкцый толькі 4% прыпадала на ЗША. Акрамя таго, рэжымы ў Кітаі і Расеі звязаныя не толькі эканамічна, але і ідэалагічна.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org расказала, чаму не варта звяртаць увагу на гучныя заявы Трампа:

— Стала зразумела, што гэта чыстай вады маніпуляцыі і яго спосаб вядзення перамоў — збянтэжыць людзей, агаломшыць, вывесці са стабільнага стану, а потым дыктаваць умовы. Адзначу, што 81% амерыканцаў выступае супраць угоды з Пуціным. Розныя сілы ў Вашынгтоне - і рэспубліканцы, і дэмакраты - думаюць, як утаймаваць амерыканскага прэзідэнта. Бо Трамп сёння разбурае асноўную дактрыну ЗША - еўраатлантычнае партнёрства. Мы бачым, як шмат сёння крытыкі ў амерыканскай прэсе - і ліберальнай, і кансерватыўнай. Калі Трамп не будзе рабіць папраўкі на вецер, ён немінуча прыйдзе да катастрофы. Я спадзяюся, што ў яго ёсць лепшыя дарадцы, чым Ілан Маск.

Трэба захоўваць халодны розум, а Украіне з Еўропай дзейнічаць разам супраць росту пагрозы з боку Расеі, не ўпадаць у роспач.

Я веру, што Еўропа можа дапамагчы Украіне і нават замясціць амерыканскую дапамогу. Яна можа гэта зрабіць.

Настроі ў еўрапейскіх грамадствах антырасейскія і ўжо, трэба канстатаваць, антыамерыканскія. Бо палітыку новага прэзідэнта ЗША ў Еўропе не разумеюць і ўспрымаюць як здраду. Думаю, што грамадствы падтрымаюць еўрапейскіх палітыкаў, якія павінны распрацаваць моцную стратэгію барацьбы з пуцінскай Расеяй.

Дастаткова будзе войскаў Францыі і Вялікабрытаніі, якія гатовы накіраваць сваіх жаўнераў ва Украіну ў якасці міратворцаў. У Францыі вялікая колькасць вайскоўцаў, якіх вывелі з краін Афрыкі. Іх неабходна некуды накіроўваць, бо гэта сур'ёзная нагрузка на грамадства. Калі прэзідэнт Макрон захавае свае лідарскія пазіцыі ў Еўразвязе, то французскія міратворцы будуць размешчаныя ва Украіне.

Наталля Радзіна вылучыла некалькіх палітыкаў, якія сёння выйшлі на лідарскія пазіцыі ў Еўропе:

- Польшча займае вельмі цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да Расеі. Мяне натхніла, скажу без перабольшання і ліслівасці, прамова міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага на Генеральнай асамблеі ААН. Ён выразна стаў на пазіцыю Украіны і заявіў, што Польшча заўсёды будзе яе падтрымліваць, а таксама рэзка раскрытыкаваў ЗША за спробы паддывановых дамоўленасцяў з Пуціным. Гэта пазіцыя ўсяго польскага ўрада, бо Радаслаў Сікорскі з «Грамадзянскай кааліцыі» - партыі, якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які належыць да апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць», таксама важны ў пытаннях Украіны.

Нямеччына, як і Францыя, будуць лідарамі ў Еўропе. Перамога Фрыдрыха Мэрца ўсіх натхніла. Гэта абсалютна праўкраінскі палітык, дастаткова жорсткі і прынцыповы. Дарэчы, былы бізнэсовец, як і Трамп. Ён сёння гаворыць аб тым, што Нямеччына павінна весці самастойную палітыку, сысці з-пад залежнасці ад ЗША, бо пры такім прэзідэнце складана развіваць тое супрацоўніцтва, якое было паміж дзвюма краінамі з 1945 года. Думаю, што Мэрц будзе прасоўваць украінскі парадак дня ў ЕЗ, для гэтага ў яго ёсць усе вагары.

Еўропа справіцца. Так, ёсць праблемы са Славакіяй і Вугоршчынай, якія могуць блакаваць агульныя пастановы Еўразвязу. Але, думаю, што рэформа ЕЗ даўно наспела. Калі гэтыя краіны будуць сабатаваць агульныя пастановы, ад “liberum veto” трэба будзе адмовіцца, а пастановы давядзецца прымаць простай большасцю, а не аднагалосна.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках