ФСБ заявіла аб падрыхтоўцы замаху на «духоўніка Пуціна»
16- 28.02.2025, 9:19
- 5,894

«Крымскага» мітрапаліта Ціхана нібыта збіраліся забіць у Маскве.
Федэральная служба бяспекі (ФСБ) Расеі прадухіліла ў Маскве тэракт у дачыненні да крымскага мітрапаліта Ціхана (Георгія Шаўкунова), які рыхтавала вайсковая выведка Украіны, паведамілі ТАСС у Цэнтры грамадскіх сувязей спецслужбы.
Затрыманыя двое падазраваных - грамадзяне Украіны і Расеі. Са звестак ФСБ, у сярэдзіне 2024 года Галоўная ўправа выведкі (ГУВ) Украіны завербавала мужчын з дапамогай Telegram. Летась у снежні праз схованку ім перадалі самаробнае выбуховае прыстасаванне.
«Злачынную акцыю яны планавалі здзейсніць падчас знаходжання мітрапаліта Ціхана ў Маскве. Пасля ўчынення злачынства планавалі выехаць з Расеі з выкарыстаннем падробленых пашпартоў, выдадзеных украінскімі спецслужбамі», - адзначылі ў ФСБ.
Адзін з затрыманых - Дзяніс Паповіч, вынікае з відэа допыту, які апублікаваў Рэн ТБ. Са звестак «Асцярожна, навіны», 27-гадовы Паповіч нарадзіўся ва Украіне і быў сакратаром Ціхана. Яго затрымалі яшчэ 13 студзеня па дарозе ў Срэценскі манастыр. Падчас допыту мужчына распавёў, што быў завербаваны для сачэння за перамяшчэннямі Ціхана.
«Гэта было прапанавана пад пагрозай расправы, забойства маіх сваякоў, у далейшым была пастаўленая задача знайсці супольніка і ліквідаваць мітрапаліта Ціхана», - сказаў Паповіч. Паводле ягоных слоў, бомбу планавалася закласці ў жылым памяшканні ў Срэценскім манастыры ў Маскве. Другім затрыманым быў 28-гадовы Мікіта Іванковіч. Ён выпускнік Срэценскай духоўнай семінарыі і алтарнік храма ў маскоўскіх Сакольніках.
Айца Ціхана прызначылі кіраўніком Крымскай мітраполіі Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) восенню 2023 года. Да гэтага ён быў біскупам Пскоўскі і Пархоўскі, кіраўніком Пскоўскай мітраполіі, ігуменам Успенскага Пскова-Пячэрскага манастыра ў горадзе Пячоры. З 1995 да 2018 год ён служыў намеснікам Срэценскага манастыра ў горадзе Маскве. У 2013 годзе газета Financial Times назвала Шаўкунова духоўнікам прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў, што Шаўкуноў даўно знаёмы з кіраўніком дзяржавы і актыўна ўдзельнічае ў праектах прэзідэнцкай адміністрацыі. Аднак прадстаўнік Крамля адмовіўся каментаваць пытанні аб духоўных стасунках Ціхана з прэзідэнтам. У РПЦ таксама не пацвярджалі, што ён з'яўляецца духоўнікам Пуціна. У лістападзе мінулага года Пуцін узнагародзіў мітрапаліта Ціхана ордэнам "За заслугі перад Айчынай" II ступені за аднаўленне музейнага комплексу «Новы Херсонэс» у Севастопалі.