У калоніі «Віцьба» скончыў жыццё самагубствам расеец
1- 3.02.2025, 9:37
- 5,016
Гэта адбылося ў канцы снежня 2024 года.
Грамадзянін Расеі наклаў на сябе рукі ў папраўчай калоніі №3 «Віцьба». Гэта адбылося ў канцы снежня 2024 года, паведамляюць праваабаронцы «Гомельскай Вясны».
50-гадовы грамадзянін Расеі быў асуджаны на 16 гадоў зняволення паводле «наркатычнага» артыкула. Зняволены прасіў перавесці яго ў Расею для адбывання пакарання. У РФ людзі, асуджаныя паводле такога артыкула, як кажуць праваабаронцы, маюць права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне ці іншыя льготы. Раней у Беларусі даволі часта практыкаваліся такія пераводы, але на гэты раз расеец атрымаў адмову.
Мужчыну недалічыліся кантралёры на начной праверцы. Калі пачалі шукаць, то яго знайшлі мёртвым у летняй сушылцы для бялізны лакальнага ўчастка.
Былыя зняволеныя «Віцьбы-3» кажуць, што ў калоніі толькі на працягу 2024 года памерлі не менш за тры чалавекі. Яны абвінавачваюць ва ўсім адсутнасць належнай дыягностыкі захворванняў і лячэння.