У Беларусі закрылася прадпрыемства, у якое інвеставалі немцы
4- 3.02.2025, 10:54
- 5,838
Яно працавала ў абаронным сектары і супрацоўнічала з Расеяй.
У снежні 2024 года Беларускае оптыка-механічнае аб'яднанне ліквідавала былое супольнае прадпрыемства "Цэйс-БелОМА". Яно было апошняй структурай, якая звязвала БелОМА з заходнімі тэхналогіямі і рынкамі. Пра гэта піша выданне "Белорусы и рынок".
Датрывалі да санкцый
Патрэба ў захаванні юрыдычнай асобы адпала пасля таго, як летам мінулага года Сarl Zeiss Group выйшла з капіталу супольнага прадпрыемства, дзе мела 60%-ую дзель. 100%-ым уласнікам “Цэйс-БелОМА” тады стала БелОМА.
У сваю чаргу зрабіць гэты крок немцаў вымусіла ўвядзенне ЕЗ у дачыненні да БелОМА і яго кіраўніка Аляксандра Мароза санкцый. Здарылася гэта ў чэрвені 2024 года. У матывіровачнай частцы пастановы было пазначана, што БелОМА працуе ў абаронным сектары і супрацоўнічае з Расеяй. І таму нясе “адказнасць за падтрымку матэрыяльна ці фінансава дзеянняў, якія падрываюць ці пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны”. Тады ж санкцыі ЕЗ былі распаўсюджаныя на галоўныя структурныя адзінкі холдынгу - Мінскі механічны завод імя С.І.Вавілава, вілейскі завод "Зеніт-БелОМА" і "НТЦ "ЛЭМТ" БелОМА".
"Белорусы и рынок" пішуць, што ўвядзенне санкцый паскорыла выхад Сarl Zeiss са свайго беларускага бізнэсу, над якім вядомая кампанія ўжо да таго часу страціла фактычны кантроль. Паведамлялася, што магутнасці "Цэйс-БелОМА" пераплануюць пад выкананне вайсковых замоў расейскіх заказчыкаў. Уласна, зараз, калі маёмасць СП засталася ў БелОМА, ніхто і нішто гэтаму ўжо не замінае.
Апошні з магіканаў
“Цэйс-БелОМА” крыху менш за год не стае, каб адзначыць 30-годдзе.
Супольны бізнэс быў створаны ў 1995 годзе ў рамках праграмы рэканверсіі аднаго з найбуйнейшых у былым СССР вытворцаў аптычных, оптыка-механічных і оптыка-электронных прыбораў. Ільвіная іх дзель прызначалася для вайсковых патрэб. Беларуская фірма з Сarl Zeiss павінна была дапамагчы разбавіць гэты асартымент і фінансава падтрымаць БелОМА, калі ва ўмовах пацяплення стасункаў паміж Захадам і Усходам попыт на вайсковую оптыку значна скараціўся.
Немцы ў выніку дапамаглі. Арганізавалі сучасную вытворчасць лінзаў, механічных кампанентаў, мікраскопаў і медыцынскіх прыбораў. "Цэйс-БелОМА" атрымлівала за іх валюту ад заказчыкаў у Нямеччыне, ЗША і Францыі. Працу на супольнай вытворчасці знайшлі амаль 400 чалавек.
І без італьянцаў
З ліквідацыяй "Цэйс-БелОМА", якая адбылася, беларускі холдынг поўнасцю згарнуў супрацоўніцтва з заходнімі партнёрамі. Хаця яшчэ да нядаўніх часоў быў адным з лідараў у Беларусі паводле колькасці супольных прадпрыемстваў з імі. Самымі значнымі былі тры – з нямецкімі кампаніямі Carl Zeiss і Fielmann і італьянскім вытворцам святлотэхнічнага абсталявання Coemar.
З карпарацыяй Fielmann, з якой вырабляў акулярную оптыку, БелОМА развітаўся ў 2010-х. Потым Fielmann сам развіваў бізнэс у Беларусі і выйшаў з яго летась.
Супольны з італьянцамі "Каемар" пачаў ліквідавацца ў 2021 годзе. Гэты працэс працягваецца.
І без “бацькі супольнага прадпрыемства”
Усе гэтыя супольныя кампаніі аб'ядноўвае тое, што яны з'явіліся на БелОМА ў перыяд яго кіраўніцтва Вячаславам Бурскім.
Прафесар, доктар тэхнічных навук узначальваў аб'яднанне (потым холдынг) з 1970 года і стаў, мабыць, апошнім “чырвоным дырэктарам”, які пакінуў пасаду за Лукашэнкам. Прычым адбылося гэта не добраахвотна. У 2019 годзе Вячаслаў Бурскі быў затрыманы і асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі за атрыманне хабару ад аднаго з расейскіх контрагентаў.