Узарваны ў Маскве верхавод тэрарыстаў быў блізкім да Януковіча крымінальным аўтарытэтам
- 3.02.2025, 12:12
- 8,860
Армэн Саркісян датычны да забойстваў ва Украіне.
У выніку выбуху, які прагрымеў у сталіцы краіны-агрэсара РФ 3 лютага, мог загінуць прэзідэнт Федэрацыі бокса так званай "ДНР" і заснавальнік батальёна "Арбат" Армэн Саркісян, піша New Voice.
Крымінальны аўтарытэт Армэн Саркісян, які ўваходзіць у блізкае асяроддзе былога прэзідэнта-ўцекача Віктара Януковіча, з траўня 2014 года знаходзіцца ў міжнародным вышуку за дачыненне да арганізацыі забойстваў у цэнтры Кіева.
У снежні 2024 года Саркісян атрымаў падазрэнне за вярбоўку зняволеных на вайну супраць Украіны. Як паведамлялі ў Службе бяспекі Украіны, праваахоўнікі ўстанавілі, што Армэн Саркісян, вядомы як Армэн Гарлоўскі, хаваецца на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці і супрацоўнічае з ФСБ Расеі.
Са звестак СБУ, пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну даручылі стварыць баявую групоўку - новае фармаванне атрымала назву «асобны батальён спецпрызначэння “АрБАТ”, а ў яго склад увайшлі рэцыдывісты, асуджаныя за цяжкія злачынствы. Для вярбоўкі зняволеных расейскія спецслужбы прызначылі Саркісяна так званым "наглядчыкам" за турмамі на часова акупаваных тэрыторыях Данбаса.
Баевікі групоўкі "АрБАТ" спачатку дзейнічалі на Тарэцкім кірунку, а затым былі перакінутыя ў Курскую вобласць для штурмавых аперацый супраць украінскіх вайскоўцаў.