Летась на Гарадзенскім мясакамбінаце скарацілі больш за 400 чалавек
4- 3.02.2025, 12:19
- 3,074
Прадпрыемства заняло 10 месца ў краіне паводле колькасці звольненых супрацоўнікаў.
На 15% скарацілася колькасць супрацоўнікаў Гарадзенскага мясакамбіната за дзевяць месяцаў 2024 года. На 1 студзеня на прадпрыемстве працавала 2832 чалавек, а на 1 верасня - ужо 2410. Як піша hrodna.life, звесткі пра беларускія арганізацыі, якія летась страцілі больш за ўсё супрацоўнікаў, апублікавалі “Кіберпартызаны”.
ААТ «Гарадзенскі мясакамбінат» заняў 10 месца ў краіне паводле колькасці звольненых супрацоўнікаў. Усяго за дзевяць месяцаў 2024 года ў Гарадзенскай вобласці звольнілі больш за 11 000 чалавек.
Якія яшчэ кампаніі з Гарадзенскай вобласці масава звальнялі супрацоўнікаў?
У топ-10 прадпрыемстваў у стратах супрацоўнікаў паводле інфармацыі "Кіберпартызан" уваходзяць яшчэ тры фірмы, зарэгістраваныя ў Гарадзенскай вобласці. Гэта "ЗахадХімТорг" з Іўе, якая кіравала сеткай крам "Выспа чысціні і смаку", а таксама звязаныя з ёй "ЗахадХімІнвест" і "ЗахадХімСэрвіс". Агулам яны звольнілі 3800 чалавек.
Кампаніі некалі паспяховага бізнэсоўца Віктара Рамука збанкрутавалі і падалі на ліквідацыю. Брэнд "Выспа чысціні" выкупіла кампанія "АйландГруп", якая зноў адкрыла частку крам восенню 2024 года.
Звальняюць з ЖКГ, заводаў і лякарняў
У многіх раёнах Гарадзенскай вобласці ў лідарах у скарачэнні супрацоўнікаў - камунальныя гаспадаркі. Зэльвенская ЖКГ страціла 27 супрацоўнікаў, Ваўкавыская камунальная гаспадарка - 46 чалавек, Скідзельская ЖКГ - 39, Іўеўская - 45.
Агракамбінат "Скідзельскі" страціў 81 чалавека, ААТ "Мастоўдрэў" — 62. Штат Воранаўскай раённай лякарні зменшыўся на 16 чалавек, Навагрудскай лякарні — на 24, Шчучынскай — на 31. На "Лідаспецаўтатранс" звольнілі 123 супрацоўнікаў — усіх, акрамя аднаго.