Узарваны ў Маскве кіраўнік тэрарыстаў сканаў у лякарні
- 3.02.2025, 13:35
- 14,720
Ён датычны да дзейнасці “цітушак” на ўкраінскім Майдане.
Прэзідэнт федэрацыі бокса "ДНР" і стваральнік батальёна "Арбат" Армэн Саркісян памёр у рэанімацыі адной з маскоўскіх лякарняў, паведамляюць расейскія СМІ.
Нагадаем, сёння Маскве ў жылым комплексе “Пунсовыя Ветразі” адбыўся выбух. Расейскія праваахоўнікі заявілі, што з удакладненых звестак, у выніку выбуху атрымаў цяжкае раненне Армэн Саркісян, вядомы таксама як Армэн Гарлоўскі. Ён - арганізатар “цітушак” Майдана і стваральнік “Армянскага батальёна” ў вайне супраць Украіны.
У снежні 2024 года Армену Саркісяну паведамілі аб падазрэнні за вярбоўку зняволеных Данеччыны на вайну супраць Украіны. Паведамлялася, што так званы назіральнік за часова акупаванымі тэрыторыямі Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей дапамагаў акупацыйным уладам ствараць незаконныя ўзброеныя фармаванні з ліку зняволеных.
Ураджэнец цяпер акупаванай Горлаўкі 44-гадовы Армэн Саркісян з 2014 года знаходзіцца ў вышуку паводле падазрэння ў арганізацыі “цітушак” Майдана. Са звестак следства, 17 лютага 2014-га, дзейнічаючы ў інтарэсах экс-міністра ўнутраных спраў Віталя Захарчанкі і сваіх бізнэс-партнёраў, ён даручыў Юрыю Крысіну знайсці 200-300 чалавек для “аховы грамадскага парадку” ва ўрадавым квартале, што прывяло да забойства журналіста Вячаслава Верамія.
Са слоў Юрыя Крысіна, ён тады атрымаў 20 тысяч даляраў ад Армена Саркісяна "за ахову ўрадавага квартала". Крысін раздаў па 1000 грыўняў суўдзельнікам, а астатняе пакінуў сабе. Украінскі суд прысудзіў Юрыя Крысіна да 5 гадоў пазбаўлення волі. Пасля ён атрымаў другі прысуд паводле падазрэння ў арганізацыі катаванняў актывістаў Майдана на загад бізнэсмэна часоў Януковіча, які хаваецца ў РФ Аляксея Чабатарова. Увогуле Крысін будзе знаходзіцца ў турме да 2026 года.
Летам 2019 года Юрый Крысін спрабаваў змяніць сведчанні і выдаліць з іх згадку менавіта пра Армена Саркісяна, падкрэсліваючы, што нібыта агаварыў яго з-за фінансавага канфлікту. Гэта адбывалася напярэдадні разгляду касацыйнай скаргі.
У часы Януковіча Саркісян быў уплывовым крымінальным аўтарытэтам на мянушку “Армэн Гарлоўскі”, набліжаным да экс-дэпутата ад “Партыі рэгіёнаў” Юрыя Іванюшчанкі (Юра Енакіеўскі). Апошняга ў 2019 знялі з вышуку, спасылаючыся на пастанову пракуратуры аб закрыцці вытворчасці. Саркісяна таксама называюць ценявым наглядчыкам усяго бізнэсу ў акупаванай Горлаўцы. Там ён мае ўласныя кавярні і арганізоўвае адкрыццё баксёрскіх клубаў. Са звестак ГУВ, з 24 лютага ён займаецца марадзёрствам і адбіраннем бізнэсаў на акупаваных тэрыторыях Украіны.
У 2018 годзе ўкраінскія праваахоўнікі паведамілі пра нібыта затрыманне Саркісяна ў Францыі, аднак - потым заявілі, што гэта не той чалавек. Інфармацыю аб затрыманні знпраўдзіў і сам падазраваны, адзначыўшы, што знаходзіцца ў Расеі.
Таксама СМІ публікавалі фота Армена Саркісяна з правай рукой кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава, дэпутатам Дзярждумы РФ Адамам Дэлімханавым.