«Суперджэт» расейскай авіякампаніі зламаўся ў паветры
3- 3.02.2025, 15:23
- 3,696
Гэта чацвёртае падобнае надзвычайнае здарэнне з пачатку года.
Самалёт "Суперджэт" (Sukhoi Superjet 100, SSJ-100) расейскай авіякампаніі "Азімут", які ляцеў з Тбілісі ў Санкт-Пецярбург, здзейсніў аварыйную пасадку ў аэрапорце Пулкава. Інцыдэнт адбыўся ўвечары 2 лютага, паведаміў “Известиям” прадстаўнік перавозчыка. Паводле ягоных слоў, на борце спрацаваў сігнал аб няспраўнасці.
У сваю чаргу крыніца выдання ўдакладніла, што незадоўга да прызямлення ў самалёта ўзніклі непаладкі з рухавіком. Ніхто не пацярпеў.
Гэта ўжо чацвёрты "Суперджэт" з пачатку 2025 года, які сутыкнуўся з тэхнічнымі праблемамі ў паветры, піша The Moscow times.
30 студзеня аналагічны самалёт авіякампаніі "Расія", які выконваў рэйс з Санкт-Пецярбурга ў Калінінград, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт вылету з-за спрацоўвання індыкацыі пажару ў багажным аддзяленні, паведамляў маніторынгавы тэлеграм-канал "Авіяінцыдэнт". 19 студзеня SSJ-100 таго ж перавозчыка з 72 пасажырамі на борце, які рухаўся з Масквы ў Саранск, аварыйна прызямліўся ў сталічным аэрапорце Шарамеццева. Лайнер развярнуўся пасля спрацоўвання датчыка аб няспраўнасці шасі. 17 студзеня які ляцеў у Ерэван “Суперджэт” авіякампаніі Red Wings з 86 пасажырамі на борце здзейсніў экстраную пасадку ў аэрапорце Мінеральных Вод. У МНС назвалі прычынай няспраўнасць сістэмы кандыцыянавання.