3 лютага 2025, панядзелак, 18:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Аcяроддзе Лукашэнкі магло пачаць красці ў кітайцаў»

8
«Аcяроддзе Лукашэнкі магло пачаць красці ў кітайцаў»
Фота: AFP

З чым звязаныя дыпламатычныя правалы беларускага рэжыму.

У Беларусі прайшлі так званыя выбары. Цуду для рэжыму не здарылася: дэмакратычныя краіны адмаўляюцца прызнаваць Лукашэнку.

Захад для яго закрыты назаўжды? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фясенкам:

- Ёсць такі выраз: "ніколі не кажы ніколі і заўсёды". Трэба пазбягаць абсалютных катэгорый, але не ў выпадку з Лукашэнкам, улічваючы яго ўзрост, стан здароўя і фактар вайскова-палітычнага супрацьстаяння паміж Расеяй і Украінай, які нікуды не знікне, калі вайна скончыцца.

Варожасць паміж Украінай і Расеяй захаваецца. Да ранейшых стасункаў вярнуцца не атрымаецца. Гэта закране і Беларусь. У 2014-2015-х гадах Лукашэнка зманеўраваў, застаўся фармальна нейтральным (ездзіў на інаўгурацыю да Парашэнкі, затым былі «менскія пагадненні»), што, дарэчы, яму тады дапамагло хаця б часткова аднавіць дачыненні з Захадам.

Цяпер гэтага не будзе. Лукашэнка застанецца ў расейскім лагеры. Дыпламатычныя стасункі, магчыма, крыху адновяцца, будуць нейкія мірныя кантакты праз Беларусь. Хаця, думаю, што нават яны будуць вельмі абмежаваныя, у тым ліку праз тое, што беларускія спецслужбы могуць у кожны момант арыштаваць кожнага ўкраінскага грамадзяніна. І расейскія спецслужбы там таксама будуць дзейнічаць, таму сцяна варожасці, сцяна адчужэння будзе і ў дачыненні да Беларусі. У тым ліку - з боку Захаду.

Адзначу, што калі на Захаду яшчэ дапускаюцца нейкія кантакты з Пуціным і для перамоў аб заканчэнні вайны, і існуюць такія палітыкі, як Орбан і Фіцо, то ў дачыненні да Лукашэнкі дзейнічае амаль кансэнсус. Ён з'яўляецца персонай нон-грата і на сярэднетэрміновую перспектыву (найбліжэйшыя гадоў 5, далей не бяруся загадваць) не бачу перадумоў для аднаўлення стасункаў паміж рэжымам Лукашэнкі і Захадам.

Калі ж Лукашэнка сыдзе (фізічна ці палітычна), будзе нейкі новы палітычны рэжым, калі выявяцца прыкметы хаця б адноснай лібералізацыі, то вось тады, думаю, што магчымая актывізацыя стасункаў з Захадам.

Лукашэнка ж табуяваны, ён успрымаецца як суўдзельнік вайны, асобная прэтэнзія да яго - дыктатарскі рэжым, рэпрэсіі супраць апазіцыі.

- Характэрна, што перад «выбарамі» Лукашэнка хацеў наведаць Кітай - паездка не адбылася. Цяпер пра яе прадстаўнікі рэжыму проста маўчаць. Чаму?

- Складана сказаць. Не думаю, што Кітай адмовіцца ад сваіх інтарэсаў у Беларусі, бо былі зробленыя сур'ёзныя інвестыцыі. Для Кітая Беларусь была такім плацдармам актыўнай працы з Еўропай, як, дарэчы, і Украіна.

Цяпер жа гэты матыў дакладна знік. Які плацдарм у працы з Еўропай, калі дзейнічаюць санкцыі? Кітайскія інтарэсы ўнутры Беларусі захаваюцца, магчыма, Пекін будзе больш праз Беларусь працаваць на расейскім рынку.

Можа, паездка не адбылася таму, што нейкія прэтэнзіі ўзніклі? Мы ж не ведаем. Магчыма, нехта з асяроддзя Лукашэнкі ці ягоных сваякоў надумаў, прабачце, «стаць пацуком» і красці ў кітайцаў.

Калі гэта было, то кітайцам гэта відавочна не спадабалася. Гэта магло прывесці да ахаладжэння, маглі быць перададзеныя сігналы Лукашэнку і іншым, маўляў, хлопцы, нам не падабаецца тое, што адбываецца ў стаўленні да кітайскага бізнэсу ў Беларусі. Падкрэслю, што я толькі мяркую, не ведаю, як насамрэч.

Кітай зараз будзе глядзець на тое, як будзе развівацца вайна Расеі з Украінай. Для Пекіна зараз гэта важна. Ён не жадае пашырэння вайны.

Думаю, Кітай не ў захапленні (хоць з ім гэта ўзгаднялася) ад падлашчвання Лукашэнкі з ядзернай зброяй і «Арэшнікам» на тэрыторыі Беларусі. Бо гэта яшчэ большае ўзмацненне залежнасці Беларусі ад Масквы, а не Пекіна.

Пекін жа ніколі ні з кім не жадае дзяліцца. Ён абвык аднаасобна камандаваць, а не праз кагосьці ці дзяліцца з кімсьці ўплывам. Узмацненне ўплыву Пуціна на цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку - праз размяшчэнне стратэгічнай зброі на яе тэрыторыі, Пекіну не вельмі падабаецца. Гэта таксама можа быць прычынай ахаладжэння паміж Пекінам і Менскам. Цяпер Кітай заняў чакальную пазіцыю.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках