Беларусы нясуць да судовых экспертаў камяні з нырак
9- 3.02.2025, 20:19
- 11,320
Навошта?
Беларусы, якія пакутуюць на мочакаменную хваробу, звяртаюцца да судовых экспертаў, каб вызначыць хімічны склад камянёў, што выйшлі з нырак, мачаточніка або мачавога пухіра, расказалі ў прэс-службе Дзяржкамітэта судовых экспертызаў (ДКСЭ).
Такая экспертыза ў ДКСЭ Гарадзенскай вобласці праводзіцца ўжо некалькі гадоў.
«Часцей за ўсё грамадзяне даведваюцца пра такую магчымасць падчас стацыянарнага лячэння ва ўстанове аховы здароўя. <…> Інфармацыя пра хімічны склад каменя дазволіць лекару-ўролагу ўдакладніць прычыну яго з'яўлення, дапамагчы ў прызначэнні найбольш эфектыўнага лячэння, скарэктаваць рацыён харчавання пацыента ў прафілактычных мэтах», – паведамілі ў ДКСЭ.
На экспертызу даюцца нырачныя камяні, камяні мачаточніка і мачавога пухіра, «якія выйшлі натуральным шляхам або выдаленыя хірургічна».
«Тэрмін даўнасці захоўвання каменя значэння не мае», – удакладнілі ў ДКСЭ.
Для правядзення экспертызы грамадзяне могуць звярнуцца як асабіста (для заключэння дамовы пры сабе неабходна мець дакумент, які пацвярджае асобу, і аб'ект даследавання), так і дыстанцыйна.
Тэрмін правядзення даследавання – да 30 працоўных дзён. Пасля заканчэння экспертызы замоўцу выдаецца выснова.