Трамп прыпыніў на месяц мыты для Мексікі
22- 3.02.2025, 20:26
- 3,962
Мексіка абавязалася ўзмацніць ахову мяжы для барацьбы з плынню наркотыкаў.
Паводле вынікаў тэлефоннай размовы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з прэзідэнткай Мексікі Клаўдыяй Шэйнбаўм Вашынгтон на месяц прыпыняе дзеянне мытаў для Мехіка. Пра гэта паведаміла ў сваім X Шэйнбаўм.
«Правялі добрую размову з прэзідэнтам Трампам з вялікай павагай да нашых стасункаў і суверэнітэту, мы прыйшлі да серыі пагадненняў... Мыты прыпыняюцца на месяц пачынаючы з сёння», – паведаміла яна.
Уведзеныя Трампам мыты на імпарт з Канады і Мексікі складаюць 25%, на тавары з Кітая накладаецца мыта 10% у дадатак да тых збораў, якія былі ўведзеныя раней. Тарыфы на тавары з Мексікі, Канады і Кітая мусілі пачаць дзейнічаць з аўторка, 4 лютага. Пастанову рэспубліканец тлумачыў барацьбой з нелегальнай міграцыяй і кантрабандай сінтэтычнага наркотыку фентанілу.
Пагадненне, дасягнутае Шэйнбаўм і Трампам, складаецца з некалькіх пунктаў. Па-першае, Мексіка неадкладна ўзмоцніць ахову паўночнай мяжы з дапамогай 10 тыс. байцоў Нацыянальнай гвардыі, каб прадухіліць незаконныя пастаўкі наркотыкаў з Мексікі ў ЗША, сярод іншага фентанілу. Злучаныя Штаты, са свайго боку, абавязваюцца прадухіляць нелегальныя пастаўкі зброі ў Мексіку. «Ад сёння нашы каманды пачнуць працаваць па двух кірунках: бяспека і гандаль», – расказала Шэйнбаўм.
Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social пацвердзіў, што ўвядзенне тарыфаў для Мексікі адкладаецца на месяц, цягам якога «мы правядзем перамовы пад кіраўніцтвам дзяржаўнага сакратара Марка Рубіа, міністра фінансаў Скота Бесэнта і міністра гандлю Говарда Латніка, а таксама высокапастаўленых прадстаўнікоў Мексікі». Размову з Шэйнбаўм ён назваў «сяброўскай». «Я з нецярпеннем чакаю магчымасці ўзяць удзел у гэтых перамовах з прэзідэнтам Шэйнбаўм, паколькі мы спрабуем дасягнуць "угоды" паміж нашымі дзвюма краінамі», – напісаў прэзідэнт ЗША.