Кантрабанда цыгарэтаў з Беларусі ў Літву істотна скарацілася
- 3.02.2025, 20:38
- 1,882
Падрабязнасці.
У 2024 годзе памежнікі канфіскавалі 1 млн 386 тыс. 714 пачкаў кантрабандных цыгарэтаў, з іх 1,2 млн – беларускай вытворчасці, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы.
Адзначаецца, што памер шкоды дзяржаве ад кантрабанды цыгарэтаў склаў амаль 5,4 млн еўраў, а кошт канфіскаваных тытунёвых вырабаў – больш за 6,1 млн еўраў.
У 2024 годзе літоўскія памежнікі затрымалі 340 чалавек за кантрабанду ці незаконную перавозку падакцызных тавараў. У 2023 годзе такіх было 447, у 2022-м – 475. Кантрабанду ў асноўным перавозілі грамадзяне Літвы, падкрэслівае памежная служба.
Разам з тым, паводле звестак САДМ, у параўнанні з 2023 годам колькасць канфіскаваных пачкаў цыгарэтаў зменшылася ў 1,7 разы (было 2,5 млн пачкаў), а ў параўнанні з 2022-м – больш чым у тры разы (4,3 млн).
Паведамляецца, што агароджа вышынёй пяць метраў уздоўж мяжы і сістэма відэаназірання сталі значнымі перашкодамі для кантрабанды цыгарэтаў. Акрамя таго, паўплывала закрыццё памежных пунктаў з Беларуссю.
З іншага боку, кантрабанда пашырыла свае тэхнічныя магчымасці: за год на літоўска-беларускай мяжы было перахоплена 226 паветраных шароў з цыгарэтамі і 54 беспілотнікі.