Лукашэнка трапіўся на буйным хабары
15- 4.02.2025, 12:51
- 26,284
Дарэчнасць і законнасць такіх падарункаў дакладна прапісаная ў Крымінальным кодэксе.
Прамысловыя гіганты Беларусі зладзілі прапагандысцкі чэлендж: следам за Менскім аўтазаводам, які «падарыў» дыктатару аўтобус, расшчодрыўся МТЗ, піша «Салiдарнасць».
У гонар перапрызначэння на пасаду гендырэктар прадпрыемства Сяргей Аўраменка падпісаў загад аб выдачы ў якасці падарунка Аляксандру Лукашэнку трактара BELARUS 1222.3. Працэс “дарэння” выявілі ў пафасным роліку, для чаго работнікаў завода паставілі з афіцыйнай сімволікай ля прахадной.
У сацсетках ужо жартуюць аб тым, чым на "падарункавы" флэшмоб адкажуць БелАЗ і "Гомсельмаш". Але, калі сур'ёзна, такімі падарункамі мусіць зацікавіцца пракуратура.
Бо дарэчнасць і законнасць такіх дараванняў дакладна прапісаная ў Крымінальным кодэксе. Пра што, дарэчы, пракуроры рэгулярна нагадваюць усім нам. Каб пазбегнуць галаслоўнасці, працытуем артыкул старшага памочніка пракурора Горацкага раёна Дар'і Чугульковай, які апублікавалі многія раённыя газеты.
Кіраўнікам, тым якія знаходзяцца на дзяржаўнай службе, наогул ніякіх падарункаў прымаць нельга. Гэта замацавана ў артыкуле 17 Закона “Аб барацьбе з карупцыяй.
Памочніца пракурора ўдакладняе, што ў якасці выключэння кіраўніку можна дарыць сувеніры, якія ўручаюць "пры правядзенні пратакольных і іншых афіцыйных мерапрыемстваў". Але і тут ёсць абмежаванне: кошт такога сувеніра на сённяшні дзень абмежаваны сумай 20 базавых адзінак. Сувеніры даражэйшыя ў абавязковым парадку перадаюцца ў даход дзяржавы.
Памочніца пракурора Дар'я Чугулькова зразумела тлумачыць, што “падобныя падарункі могуць прадугледжваць жаданне дарыльшчыка ўбачыць у будучыні ад асобы, якой падарыла падарунак, якую-небудзь рэакцыю ў адказ”. А гэта "і ёсць якраз тое самае "заступніцтва на службе", аб якім гаворыцца ў артыкуле 430 Крымінальнага кодэкса".
Якія вывады можна зрабіць з усяго гэтага? Па-першае, выглядае, што кіраўніцтва двух менскіх прамысловых флагманаў дало Лукашэнку хабар на вялікую суму. Бо і аўтобус, і трактар цяжка назваць танным сувенірам.
А ў зацікаўленасці абодвух кіраўнікоў у добразычлівасці правадыра да іх прадпрыемстваў наўрад ці можна сумнявацца.
А калі нехта і надумае гэта зрабіць, то няхай пачытае адну з рубрык афіцыйнага агенцтва БЕЛТА, у якой прамым тэкстам гаворыцца, дзякуючы каму МАЗ, МТЗ, “Мотавела” і іншая прамысловая савецкая спадчына “адрадзілася” і працягвае працаваць.
Па-другое, у абодвух выпадках працэс дарэння адбываўся з асаблівым цынізмам. Цяжка паверыць, што абодва кіраўнікі не былі ў курсе існавання артыкула 17 Закона "Аб барацьбе з карупцыяй".
І нішто іх не спыніла падарыць тое, што дыктатар не можа прыняць паводле закону. Як, уласна, нішто не прымусіла Лукашэнку нагадаць шчодрым дырэктарам аб неабходнасці выконваць ім жа падпісаны закон.
І вось гэтая гуллівая вольнасць у абыходжанні з законамі і кажа нам, што пракурораў наўрад ці зацікавіць тое, што нехта публічна і з помпай ігнаруе настойлівыя рэкамендацыі.
Ды і з чаго б ім праяўляць стараннасць пасля таго, як яны дружна праглынулі восенню 2020-га прапанову жыць у рэжыме "часам не да законаў".