Палітолаг: Тарыфныя войны могуць ударыць па рэжыме Лукашэнкі
6- 4.02.2025, 19:50
- 13,942
Дыктатар прывязаў Беларусь да расейскага карабля.
Напярэдадні «выбараў» Лукашэнка казаў пра «няпросты 2025 год».
«Гэты год будзе складаны яшчэ і таму, што ў нашых сяброў і суседзяў, з якімі мы гандлюем, сітуацыя няпростая. Вы гэта бачыце», - сказаў дыктатар.
Пра якія праблемы ён мог казаць? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з беларускім палітолагам Анатолем Котавым:
- Трэба разумець, што асноўным гандлёвым партнёрам рэжыму зараз, ва ўмовах частковай ізаляцыі, з'яўляецца Расея. Калі раней яе доля ў замежнагандлёвым абарачэнні складала ад 30 да 50%, то зараз яна наблізілася да 70%. Натуральна, усё вырабленае ў Расеі вельмі хутка адбіваецца на беларускай эканоміцы. Самы просты паказчык - гэта курсы расейскага і беларускага рубля, якія фактычна прывязаныя адзін да аднаго. Далёка хадзіць не трэба: як толькі падае расейскі рубель, змены адразу ж бачныя і ў абменніках Беларусі.
Расейская эканоміка ўжо некалькі гадоў функцыянуе не проста ва ўмовах замежных санкцый, да якіх, у прынцыпе, з пэўнымі стратамі можна адаптавацца, але, што самае галоўнае, ва ўмовах ваеннага часу. Дастаткова значная частка эканомікі, да 30%, так ці інакш працуе на вайну. Гэта значыць, на паперы ВУП можа расці, бо ствараюцца нейкія прадукты, але гэтыя прадукты не выкарыстоўваюцца ў нармальным жыцці краіны. Гэта тое, што страляе, забівае і, адпаведна, хутка спісваецца. Абаронная прамысловасць ва ўмовах вайны не можа быць лакаматывам, наадварот, яна так ці інакш знясільвае ўнутраныя рэсурсы краіны.
З улікам завязкі беларускай эканомікі на расейскую, усё, што негатыўна ўплывае на эканоміку РФ, таксама адаб'ецца на эканоміцы Беларусі. Самае пацешнае ў гэтай сітуацыі, што па расейскай эканоміцы можа ўдарыць мір ці нейкае замірэнне з Украінай, і, адпаведна, гэта рыкашэтам ударыць і па беларускай эканоміцы. Некаторыя прадпрыемствы Беларусі зараз жывуць нават лепш, чым у 2020-м годзе, калі размова ідзе аб прамысловых прадпрыемствах на вайсковых заказах з Расеі. У гэтым выпадку запатрабаванне ў іх паслугах, таварах і рэсурсах адпадзе.
Пры гэтым рынак мірнай прадукцыі ў Расеі для беларускіх прадпрыемстваў марудна, але дакладна звужаецца. Адпаведна, Лукашэнка ўсё гэта цудоўна разумее і, напэўна, што рэдкасць называе рэчы сваімі імёнамі. Год будзе няпросты ў выніку доўгачасовых і мэтанакіраваных дзеянняў самога Лукашэнкі, які прывязаў Беларусь да расейскага карабля.
- Свет уваходзіць у эпоху тарыфных войнаў. Як яны могуць зачапіць рэжым Лукашэнкі?
- Так, яны могуць закрануць рэжым Лукашэнкі, хоць ён і не з'яўляецца цэллю гэтых тарыфных войнаў. Самы просты і непасрэдны ўдар можа адбыцца, калі ЗША пастановіць увесці мыты або абмежаванні на гандаль з Расеяй, такія ж, умоўна кажучы, усёабдымныя, як яны пагражаюць увесці з Канадай і Мексікай, але там пакуль ёсць адтэрміноўка.
Аналагічным чынам гэта ўдарыць і па беларускім замежным гандлі. Я б нават сказаў, што ўвядзенне ўсёабдымных мытных падаткаў на экспарт як з Расеі, так і з Беларусі будзе значна мацнейшым ударам па эканоміках абедзвюх краін, чым увядзенне нейкіх не вельмі сістэмных абмежаванняў на экспарт і імпарт. Таму што такія абмежаванні, як забарона на пастаўкі пэўных тыпаў прадукцыі, прасцей абыходзіць, чым глабальны падвышаны мытны тарыф.