«Як у фільме пра Другую сусветную вайну»
7- 4.02.2025, 15:56
- 7,984
Украінскі камандзір расказаў пра тактыку жаўнераў КНДР.
Украінскі камандзір, камандзір рэзервовай групы 4-й роты 33-га Дэсантна-штурмавага палка Ігар «Сахара» Канавал распавёў, што ў баі вайскоўцы КНДР атакавалі яго падраздзяленне ў стылі, падобным на сцэны з фільмаў пра Другую сусветную вайну. Аб гэтым ён паведаміў Business Insider.
З яго слоў, паўночнакарэйскія жаўнеры, якія прыбылі ваяваць на баку Расеі, не мелі належнай падрыхтоўкі для ўдзелу ў баявых дзеяннях і выкарыстоўваліся расейцамі як «гарматнае мяса».
Канавал адзначыў, што іх дзеянні на полі бою часта выглядалі хаатычнымі і нагадвалі баявыя тактыкі мінулых войнаў.
Увосень мінулага года амаль 11 000 вайскоўцаў з Паўночнай Карэі былі накіраваныя ў Курскую вобласць Расеі для падтрымкі расейскіх сіл у спробах вярнуць тэрыторыі, страчаныя пасля ўкраінскага контрнаступлення ў жніўні.
У пачатку студзеня «Сахара» ўдзельнічаў у аперацыі па захопе пасёлка Махнаўкі ў Курскай вобласці, каб замацаваць ключавыя пазіцыі да прыбыцця падмацавання. Падчас бою ўкраінскія вайскоўцы заўважылі паўночнакарэйскіх жаўнераў, якія бязладна бегалі паміж будынкамі пад артылерыйскімі ўдарамі.
«У баі яны проста кідаліся наперад ад лініі дрэў, як у фільме пра Другую сусветную вайну», - адзначыў ён.
Камандзір выказаў меркаванне, што або ім не ставала камандавання, або яны не ведалі, як дзейнічаць у гэтай сітуацыі. Украінскія байцы з суседняга падраздзялення таксама былі здзіўленыя такімі паводзінамі супраціўніка.