Фон дэр Ляен заклікала ЕЗ да «крэатыўнага» выкарыстання актываў Расеі
2- 4.02.2025, 20:41
- 1,284
Крамлю трэба паказаць, што чым даўжэй ідзе вайна, тым вышэйшы кошт для РФ.
Прыярытэтам ЕЗ з'яўляецца ўмацаванне супраціву Украіны, у сувязі з чым краіны – чальцы аб'яднання павінны працаваць над «найбольш крэатыўным выкарыстаннем» замарожаных актываў Расеі, заявіла кіраўніца Еўракамісіі (ЕК) Уршуля фон дэр Ляен падчас канферэнцыі еўрапейскіх амбасадараў у Брусэлі. Яе выступ прыводзіць прэс-служба ЕК.
«Наш 16-ы пакет санкцыяў ужо ў працы. Паэтапная адмова ад расейскага выкапнёвага паліва павінна прадаўжацца. І неверагодна важна, каб дзяржавы-чальцы [ЕЗ] прадоўжылі замарозку актываў Расеі. Цяпер мы можам прадаўжаць думаць пра крэатыўнае выкарыстанне гэтых актываў для падтрымкі Украіны. Мы павінны паказаць Крамлю, што чым даўжэй ідзе вайна, тым вышэйшы кошт для Расеі», – заявіла яна.
Фон дэр Ляен назвала цэнтральным і самым значным крызісам для будучыні Еўропы вайну РФ ва Украіне. Паводле ейных словаў, памер падтрымкі Кіеву дасягнуў € 134 млрд. «Паралельна з гэтым мы павінны неадкладна паскорыць пастаўкі зброі і боепрыпасаў. І гэта будзе ў цэнтры нашай працы ў найбліжэйшыя тыдні. Ніхто не хоча міру больш, чым народ Украіны. Але ёсць толькі адзін шлях да справядлівага і трывалага міру, якога яны прагнуць. І ён праходзіць праз ваенную і фінансавую моц Украіны», – сказала кіраўніца ЕК.