Запасы валюты ў банках РФ упалі да 16-гадовага мінімуму
2- 4.02.2025, 23:49
- 3,946
Фінансавыя масты РФ са светам разбураюцца.
Валютны баланс банкаўскай сістэмы Расеі прадаўжае «здзімацца» з тым, як заходнія санкцыі ўзмацняюцца, а фінансавыя масты са светам – разбураюцца.
На стан лістапада 2024 года на кліенцкіх рахунках фізічных і юрыдычных асобаў у банках РФ знаходзілася $ 159 млрд – мінімальны аб'ём валюты з 2008 года, вынікае са статыстыкі ЦБ РФ, паведамляе The Moscow Times.
У снежні з кліенцкіх рахункаў выцекла яшчэ $ 4,9 млрд, а за чацвёрты квартал – $ 15,9 млрд, ацэньвае кіраўнік дырэктар ГПБ Private Banking Ягор Сусін на аснове звестак Цэнтрабанка пра грашовую масу. З пачатку вайны валютныя рахункі апусцелі на 40%, або $104 млрд, што стала рэкордным адтокам за ўсю гісторыю даступнай статыстыкі Цэнтрабанка.
З рахункаў фізічных асобаў выцекла $52 млрд пасля таго, як сотні тысячаў грамадзянаў пакінулі Расею і эвакуявалі свае грошы. Бізнэс вывеў або канвертаваў $44 млрд, ці траціну запасаў валюты, што меў перад уварваннем ва Украіну.
Мяркуючы з усяго, ад валюты актыўна пазбаўляецца «Сургутнафтагаз», піша эканаміст Віктар Тунеў. Да вайны кампанія, якая два дзесяцігоддзі захоўвае ў таямніцы сваіх сапраўдных бенефіцыяраў, трымала на рахунках $61 млрд – суму, якая перавышае золатавалютныя рэзервы, напрыклад, Калумбіі ($57 млрд) або ПАР ($53 млрд). Паводле ацэнак Тунева, у 2023 годзе «Сургутнафтагаз» канвертаваў у рублёвыя актывы блізу траціны валютных запасаў, або $20 млрд, а ў канцы 2024 года, пасля трапляння пад блакавальныя санкцыі ЗША, – яшчэ блізу $10 млрд.
Ахвотных размясціць валюту ў расейскіх банках становіцца ўсё менш. Пасля таго як улетку ЦБ змякчыў нарматывы абавязковага продажу валюты, экспарцёры пакідаюць частку выручкі на рахунках за мяжой, адзначае аналітык БКС Ілля Фёдараў. Толькі за снежань валютныя актывы бізнэсу павялічыліся на $4,9 млрд, паказвае ён.
Акрамя таго, адбіваюцца праблемы з плацяжамі, праз якія сродкі за продаж сыравіны «завісаюць» за мяжой: паводле ацэнак MoneyRoo, летась да краіны не дайшла выручка на $30 млрд.
Сыравінныя прыбыткі, якія застаюцца за мяжой, ператварыліся дэ-факта ў «ценевыя рэзервы» Расеі, пісаў раней навуковы супрацоўнік нямецкага Інстытута праблемаў міжнароднай бяспекі Яніс Клюге. Паводле ягоных ацэнак, аб'ём такой сакрэтнай скарбонкі складае $ 180 млрд і роўны палове расейскага федэральнага бюджэту ($ 406 млрд), супастаўны з усім залатым запасам ЦБ ($ 188 млрд).
Пра «ценевыя рэзервы» вядома вельмі мала, падкрэслівае Клюге: загадкай застаюцца як краіны, дзе яны размешчаныя, так і тое, у якія валюты або актывы яны ўкладзеныя. У статыстыцы заходніх краінаў гэтых грошай не відаць, адзначае эксперт, а значыць, хутчэй за ўсё, валюта схаваная ў дзяржавах, якія Крэмль называе «сяброўскімі». Гэта могуць быць, напрыклад, Турцыя ці Індыя, якія маюць вялікі гандлёвы дэфіцыт з Расеяй ($3 млрд і $6 млрд на месяц адпаведна).