5 лютага 2025, Серада, 0:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МАРГ «настойліва рэкамендаваў» бізнэсу адмовіцца ад замежных словаў у рэкламе і шыльдах

15
МАРГ «настойліва рэкамендаваў» бізнэсу адмовіцца ад замежных словаў у рэкламе і шыльдах

Расейскія словы ў МАРГ за замежныя не ўважаюць.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) «настойліва рэкамендуе» бізнэсу звесці да мінімуму выкарыстанне замежных словаў на рэкламе і шыльдах, а замест гэтага пісаць на беларускай або расейскай. Гэты захад установа патлумачыла абаронай «нацыянальных інтарэсаў», паведамляе «Люстэрка».

У МАРГ патлумачылі, што адказваюць за адзіную дзяржпалітыку ў сферы гандлю і рэкламы, распрацоўваюць і ўкараняюць захады для развіцця рэкламнай дзейнасці «з улікам нацыянальных інтарэсаў».

Установа спаслалася на пастанову Саўміна ад 28 снежня 2023 г. № 961, якой зацверджаная Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады.

Як раней тлумачыла кіраўніца аддзела кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга, гэты дакумент прадугледжвае «актыўнае ўкараненне традыцый у сучасны побыт пры адначасовым разумным адсоўванні чужых наносных традыцый, так званай вестэрнізацыі, амерыканізацыі».

«У якасці аднаго з механізмаў рэалізацыі Канцэпцыі прадугледжанае скарачэнне выкарыстання замежных словаў, у тым ліку абрэвіятураў, у найменнях гандлёвых марак і інш.», – дадалі ў МАРГ.

Установа заявіла, што «ў мэтах абароны нацыянальнай культуры нашай краіны, захавання і зацвярджэння традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народа, уключаючы дзяржаўныя мовы», яна настойліва рэкамендуе бізнэсу «мінімізаваць выкарыстанне замежнай мовы ў найменнях гандлёвых аб'ектаў, аб'ектаў абслугоўвання, а таксама ў рэкламе, у тым ліку рэкламе, якая плануецца да размяшчэння (распаўсюджвання) на шыльдах рэкламнага характару, на транспартных сродках».

«Любіце сваё», – заклікалі ў МАРГ.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках