СМІ: У 2025 для Пуціна створаць спецтрыбунал на базе Рады Еўропы
16- 5.02.2025, 8:22
- 9,708
Пра гэта будзе абвешчана ў красавіку.
Аб стварэнні спецтрыбунала на базе двухбаковага пагаднення Украіны з Радай Еўропы павінны абвясціць у красавіку 2025 года.
У 2025 годзе будзе створаны спецыяльны трыбунал аб злачынствах і агрэсіі супраць Украіны, мэтай якога будзе пакаранне прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Аб гэтым піша "Еўрапейская праўда" са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Праект статута такога трыбунала ўжо быў зацверджаны падчас 13-й сустрэчы групы дзяржаў (Core Group), якая адбылася 3-4 лютага ў Брусэлі.
“Падчас пасяджэння Core Group на гэтым тыдні экспэрты зацвердзілі праект статута спецтрыбунала аб злачынстве агрэсіі супраць Украіны. Гэта фактычна трыбунал супраць Пуціна. Трыбунал будзе створаны на базе пагаднення, якое Украіна падпіша з Радай Еўропы. У аснове трыбунала будзе ляжаць пашыранае частковае пагадненне (enlarged partial agreement), да якога змогуць далучыцца іншыя дзяржавы”, - растлумачыў суразмоўца выдання.
Ён удакладніў, што аб стварэнні спецтрыбунала для Пуціна абвесцяць падчас апошняга, 14-га, пасяджэння Core Group у красавіку 2025 года.
“Для таго, каб трыбунал быў створаны, неабходная пастанова Камітэта міністраў Рады Еўропы — але атрымаць яе будзе нескладана, бо яна патрабуе толькі дзве траціны галасоў. Пасля гэтага да пашыранай частковай дамовы змогуць далучыцца іншыя дзяржавы”, — адзначыла крыніца “Еўрапейскай праўды”.
Адзначаецца, што па такім жа прынцыпе ствараўся Рэестр страт ад вайны з Расеяй - адзін з супольных праектаў Рады Еўропы і Украіны. Ён стане часткай агульнага механізма кампенсацыі страт Украіны ад вайны, да якога ўжо далучыліся 43 дзяржавы свету і Еўрапейскі звяз.