У Краснадарскім краі пасля атакі дронаў успыхнуў пажар на нафтабазе
8- 5.02.2025, 8:29
- 9,408
Пад ударам апынулася ТАА «Албашнафта».
У Краснадарскім краі РФ уночы 5 лютага гучалі выбухі. Расейцы паскардзіліся на атаку ўкраінскіх дронаў, піша «Обозреватель».
Пасля яе ўспыхнуў пажар на нафтабазе ў Канеўскім раёне, а 5 гадзіне раніцы ён усё яшчэ не быў патушаны. Пра гэта паведамляе расейскае выданне ASTRA.
Тое, што пасля нападу дронаў у Краснадарскім краі РФ успыхнула чарговая нафтабаза, змушаны быў прызнаць нават губернатар рэгіёна Веньямін Кандрацьеў. Ужо традыцыйна пажар стаў вынікам нібыта «адбітага нападу».
«Нашы вайскоўцы адбілі беспілотную атаку з боку кіеўскіх уладаў. У станіцы Навамінскай Канеўскага раёна абломкі БПЛА ўпалі на рэзервуар з нязначнымі рэшткамі нафтапрадуктаў. Пачаўся пажар, яму прысвоены другі ранг складанасці. На месцы здарэння працуюць спецыяльныя службы. Да тушэння агню залучаныя 55 чалавек і 19 адзінак тэхнікі. Сітуацыю на месцы кантралюе кіраўнік Канеўскага раёна. Паводле ягонага дакладу, пажар лакалізаваны, папярэдне - пацярпелых няма», - напісаў Кандрацьеў.
А вось мясцовыя жыхары паведамілі журналістам, што пад ударам апынулася нафтабаза ТАА «Албашнафта». На сайце кампаніі адзначана, што гэта «дынамічна развітае прадпрыемства, асноўным відам дзейнасці якога з'яўляецца вытворчасць нафтапрадуктаў» і «адзінае нафтаперапрацоўчае прадпрыемства на тэрыторыі Канеўскага раёна Краснадарскага краю». Заяўлена праектная магутнасць перапрацоўкі - да 320 000 тон вуглевадароднай сыравіны на год.
На 05:15 паводле кіеўскага часу (06:15 па Менску), пажар не быў патушаны.
У сеціве таксама з'явілася відэа, на якім, як заяўлена, захаваны момант прылёту «абломкаў» БПЛА.