УСУ ліквідавалі расейскага двухразовага чэмпіёна свету ў каратэ
23- 5.02.2025, 11:15
- 10,006
Акупанта знішчылі ў Курскай вобласці.
У Курскай вобласці ўкраінскія вайскоўцы ліквідавалі тытулаванага расейскага спартоўца, а менавіта прадстаўніка каратэ, двухразовага чэмпіёна свету і чатырохразовага чэмпіёна Еўропы Аляксандра Рудзя. Пра гэта паведамляе выданне Watchers.
Зараз у сацсетках, расейскіх СМІ і на сайтах спартыўных федэрацый няма дакладнай інфармацыі аб даце, месцы і абставінах гібелі спартоўца. Хутчэй за ўсё, пра яго не пішуць з-за таго, што акупант быў знішчаны на Куршчыне.
Аляксандр Рудзь быў двухразовым чэмпіёнам свету, чатырохразовым чэмпіёнам Еўропы і шматразовым чэмпіёнам РФ у шатакан каратэ-до. Акрамя таго, у Расеі яму прысвоілі спартыўны разрад «майстар спорту міжнароднага класа».
«Першую інфармацыю аб ліквідацыі Рудзя Watchers удалося знайсці ў публікацыі ад 14-га студзеня на старонцы загадчыка кафедры фізічнага выхавання і здароўя Пяцігорскага медыка-фармацэўтычнага інстытута Анатоля Шчокіна», - адзначылі ў паведамленні.
Са слоў Шчокіна, Рудзь быў выкладчыкам кафедры інстытута і загінуў на «СВА».
«Таксама на старонцы Арцёма Рудзя ў Вконтакте (хутчэй за ўсё - брата Аляксандра) 21-га снежня 2024-га года з'явіўся супольны фатаздымак з каратыстам. Тэкставага каментара пад фатаграфіяй не было. Але чорнае сэрца і песня аднаго з расейскіх рэпераў пад назвай «Брат», якая таксама была прымацаваная да паведамлення, наводзіць на думку, што Аляксандр мог быць ліквідаваны яшчэ летась», - падкрэслілі журналісты.
У той жа час апошні раз старонка Аляксандра ў сацсетцы «ВКонтакте» была актыўнай 29 лістапада 2024 года. Таму ў Watchers выказалі здагадку, што ён быў ліквідаваны дзесьці 20-х чыслаў лістапада да 21 снежня.
У сваю чаргу ўжо 2 лютага ў Майкопе быў праведзены турнір, прысвечаны памяці акупанта. У каментарыі да відэа са спаборніцтваў расейцы ўпершыню паведамілі, што спартовец быў ліквідаваны на тэрыторыі Курскай вобласці.
«Сённяшнія спаборніцтвы не былі зусім звычайнымі. У год Абаронцы Айчыны яны былі прысвечаны памяці выдатнага спартоўца Адыгеі ў каратэ, майстра спорту міжнароднай катэгорыі, чэмпіёна свету (шатакан), неаднаразовага чэмпіёна Еўропы, Расеі Аляксандра Рудзя, які трагічна загінуў, абараняючы нашу краіну ў Курскай вобласці. У зале прысутнічалі бацькі, жонка Аляксандра, ягоная трэнерка і спартыўныя таварышы», - падкрэслілі ў нататцы.