У Курску спее бунт будаўнікоў умацаванняў на мяжы
12- 5.02.2025, 18:42
- 17,790
Кампаніі заклікалі выйсці на мітынг.
Выканаўцаў Карпарацыі развіцця Курскай вобласці, якія будавалі абарончыя збудаванні на мяжы з Украінай, заклікалі выйсці на Чырвоную плошчу ў цэнтры Курска і запатрабаваць ад уладаў аплаты работ. Адпаведнае паведамленне ў групе ў WhatsApp апублікаваў мясцовы бізнэсовец Ігар Ругаеў, піша выданне "Плошча".
Паводле ягоных звестак, кампанія Ругаева ТАА "Крэмень" займалася будаўніцтвам у прымежных Рыльскім і Суджанскім раёнах, якія ў жніўні занялі Узброеныя сілы Украіны (УСУ), упершыню ўварваўшыся на тэрыторыю Расеіі з пачатку поўнамаштабнай вайны. З кампаніяй Ругаева курскія ўлады не маглі расплаціцца паводле кантрактаў. Выданне называе яго "аўтарытэтным бізнэсоўцам" і блізкім сябрам былога губернатара Курскай вобласці Аляксея Смірнова. Нягледзячы на гэта, адразу пасля закліку выйсці на мітынг Ругаева затрымалі. Ленінскі раённы суд Курска прызначыў яму восем дзён адміністрацыйнага арышту паводле справы аб парушэнні парадку арганізацыі мітынгу (ч.2 артыкула 20.2 КоАП).
У канцы снежня ў Курску затрымалі, а затым арыштавалі генеральнага дырэктара Карпарацыі развіцця Курскай вобласці Уладзіміра Лукіна ў справе аб злоўжыванні паўнамоцтвамі (ч.3 артыкула 285 КК РФ). У студзені Генеральная пракуратура запатрабавала спагнаць з Лукіна і ягоных намеснікаў, а таксама некалькіх прадпрымальнікаў больш за 3,2 млрд рублёў, якія былі выдадзеныя з федэральнага бюджэту на будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў.
Карпарацыя была створаная на распараджэнні губернатара яшчэ ў 2012 годзе. Пасля расейскага ўварвання ва Украіну ёй даручылі пабудаваць ахоўныя збудаванні, бліндажы, агнявыя пункты, апорныя пункты, супрацьтанкавыя піраміды і равы на дзяржаўнай мяжы.
З 2022 да 2023 года на гэтыя мэты было выдадзена 19,4 млрд рублёў з бюджэту. З кастрычніка 2022 года ў Курскай вобласці дзейнічае спецыяльны рэжым, які дазваляе мясцовым уладам праводзіць закупы на патрэбы войска без аўкцыёнаў.
Паводле версіі пракуратуры, Лукін і ягоныя намеснікі, выкарыстоўваючы службовае становішча, залучалі звязаныя з імі ды іхнімі знаёмымі фірмы для выканання работ. Праз адсутнасць канкурэнцыі яны завышалі цэны пры ўкладанні дзяржаўных кантрактаў і стваралі "бачнасць выканання работ" у будаўніцтве ахоўных збудаванняў.
За заступніцтва Лукін і яго намеснікі атрымлівалі хабар 25% ад агульнай сумы пагадненняў – не менш за 805 млн рублёў. Сярод кампаній, якія ўдзельнічалі ў гэтай схеме, называліся "Энэрга Рэсурс", "Гандлёвы Дом Курск", "СИЭМИ", "КТК Сэрвіс", "Электрабудмантаж" і "Техимпэкс".
У кастрычніку 2022 года тагачасны губернатар рэгіёну, цяпер міністр транспарту Расеі Раман Старавойт даў справаздачу, што на мяжы пабудаваныя дзве лініі абароны. Аднак 6 жніўня 2024 года УСУ практычна бесперашкодна ўвайшлі ў рэгіён і за першыя два тыдні занялі амаль 1300 кв. км тэрыторыі і блізу 100 населеных пунктаў.