5 лютага 2025, Серада, 19:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алеся Яхно: Трамп імкнецца да хуткіх развязанняў

4
Алеся Яхно: Трамп імкнецца да хуткіх развязанняў
Алеся Яхно

Доўгатэрміновая стабільнасць у Еўропе будзе залежаць ад шэрагу чыннікаў.

Ці мае прэзідэнт ЗША Дональда Трампа разуменне таго, што рабіць з пуцінскай Расеяй пасля заканчэння вайны? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскай журналісткай Алесяй Яхно:

- Трамп часта звяртаецца да радыкальных падыходаў у развязанні як унутраных, так і вонкавых пытанняў. Напрыклад, закрыццё праграм USAID выклікала шырокі розгалас. У замежнай палітыцы прэзідэнт ЗША засяроджаны на канфлікце на Блізкім Усходзе і сітуацыі вакол Украіны, а таксама на патэнцыйных зонах напружанасці, такіх як Грэнландыя, Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, Паўночная Карэя і Кітай. Дзеянні Трампа часцяком крытыкуюць, але ў варунках працяглых канфліктаў радыкальныя захады могуць быць неабходныя.

На Блізкім Усходзе Трамп актыўна прасоўвае пэўныя ініцыятывы, уважаючы стабільнасць у рэгіёне за ключавую для інтарэсаў ЗША. Ягоная пазіцыя што да Ізраіля і Блізкага Усходу дастаткова паслядоўная, хоць і выклікае спрэчкі. Ён прапануе канкрэтныя захады, якія стымулююць абмеркаванне далейшых дзеянняў у рэгіёне, і не толькі гуманітарнага плана.

У выпадку з Украінай крыху іншае стаўленне. Трамп мяркуе, што Еўропа павінна адыгрываць больш актыўную ролю, раз вайна Расеі супраць Украіны значна бліжэй да яе, чым да ЗША. Амэрыканскі прэзідэнт робіць акцэнт на спыненні вайны і эканамічным націску на Расею, каб прымусіць яе адмовіцца ад далейшых ваенных дзеянняў. Аднак доўгатэрміновага бачання бяспекі ў рэгіёне пакуль няма, і яго фармаванне будзе шмат у чым залежаць ад Еўропы.

Трамп пазіцыянуе сябе як моцнага лідэра, які не баіцца размаўляць нават з аўтарытарнымі рэжымамі, такімі як Пуцін, Сі Цзіньпін ці Кім Чэн Ын. Ягоная мэта — спыніць войны і прапанаваць канкрэтныя развязанні, хоць поспех гэтых ініцыятыў залежыць ад мноства чыннікаў, у тым ліку ахвоты старон да кампрамісаў.

- Прэзідэнт Украіны безупынна нагадвае аб гарантыях. Ці мае Трамп нейкае бачанне Украіны пасля гэтай вайны? Бо мы разумеем, што без сапраўдных гарантый вайна адновіцца.

- Гарантыі бяспекі ў выпадку з Украінай — ключавое пытанне. Калі сяброўства ў NATO немагчымае, альтэрнатывай можа стаць узмацненне абароннага супрацоўніцтва з асобнымі краінамі Альянсу. Аднак без доўгатэрміновага бачання і дакладных абавязаняў з боку Захаду рызыка аднаўлення канфлікту застаецца высокай. Трамп, напэўна, цяпер больш засяродзіцца на кароткатэрміновых мэтах, такіх як замірэнне, пакідаючы доўгатэрміновыя пытанні бяспекі Еўропе.

Еўропа пераглядае сваю абаронную стратэгію, збольшага пад уплывам дзеянняў Трамп. Ягоны ціск на хаўруснікаў з NATO з мэтай павелічэння іх абаронных выдаткаў і магчымае ўвядзенне тарыфаў супраць ЕЗ прымушаюць Еўропу станавіцца больш самастойнай у пытаннях бяспекі. Новая стратэгія ў дачыненні да Расеі, якая, мабыць, усё ж будзе прадстаўленая ўлетку на будучым саміце NATO, пакуль знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Гэта сведчыць аб тым, што доўгатэрміновае бачанне бяспекі ў рэгіёне пакуль толькі фармуецца.

Трамп імкнецца да хуткіх развязанняў, але доўгатэрміновая стабільнасць ва Усходняй Еўропе будзе залежаць ад скаардынаваных дзеянняў Еўропы і ЗША, а таксама ад ахвоты Украіны і Расеі да кампрамісаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках