Трэці вялікі расейскі НПЗ спыніў дзейнасць
3- 5.02.2025, 17:09
- 5,478
Завод спыніў дзейнасць пасля ўдару ўкраінскага БЛА.
Чарада атак украінскіх беспілотнікаў на расейскія рэгіёны на пачатку 2025 года паралізавала дзейнасць яшчэ аднаго буйнога нафтаперапрацоўчага завода.
Валгаградскі НПЗ "Лукойла", які ўваходзіць у топ-10 найбуйнейшых у Расеі і з'яўляецца галоўным прадаўцом паліва для Паўднёвай федэральнай акругі, спыніў дзейнасць праз удар дрона 3 лютага, паведамляе Reuters са спасылкай на тры крыніцы ў галіне.
Са слоў суразмоўцаў агенцтва, у выніку пажару на заводзе маглі атрымаць пашкоджанні адна з установак першаснай перапрацоўкі нафты, а таксама чыгуначная эстакада наліву нафтапрадуктаў. Рамонтныя работы на пашкоджаных дзялянках могуць заняць адзін-паўтара месяца, хаця частковае аднаўленне перапрацоўкі магчымае найбліжэйшым часам, удакладніла адна з крыніц.
Валгаградскі НПЗ, які вырабляе 4% усяго бензіну ў Расеі і 7% — дызельнага паліва, стаў трэцім заводам за апошнія тыдні, які спыніў выраб паліва праз удары УСУ. 24 студзеня адпраўкі спыніў Разанскі НПЗ "Раснафты", які забяспечвае палівам у тым ліку маскоўскі рэгіён. Пажар на заводзе закрануў устаноўку гідраачысткі авіяцыйнай газы і эстакаду наліву.
4 лютага стала вядома, што выраб паліва спыніў Астраханскі ГПЗ «Газпрама», які апроч сінтэтычных матэрыялаў і серкі вырабляе бензін і дызельнае паліва. На заводзе згарэла ўстаноўка перапрацоўкі стабільнага кандэнсату, а на яе рамонт, паводле звестак крыніц Reuters, спатрэбіцца не менш як тры месяцы.
У мінулым годзе пад налёт БЛА трапілі не менш як 15 буйных НПЗ, у тым ліку Валгаградскі НПЗ "Лукойла", Омскі НПЗ, Славянскі і Навашахцінскі НПЗ "Газпрам нафты" і нафтаперапрацоўчы завод "Раснафты" ў Туапсэ. У выніку аб'ёмы перапрацоўкі нафты ў краіне ўпалі да 12-гадовага мінімуму — 267 млн тон, а экспарт нафтапрадуктаў спусціўся на 9%, да 62 млн тон. За год, паводле падлікаў Reuters, расейскія НПЗ страцілі 41,1 млн тон, або 13% магутнасцяў праз прастойванне, выкліканае атакамі БЛА і цяжкасцямі з рамонтам.
Паводле Мінэнэрга РФ, выраб бензіну за год упаў на 6,4%, а дызельнага паліва - на 7,4%.