Пуцін унёс на ратыфікацыю дамову з Лукашэнкам аб «гарантыях бяспекі»
23- 5.02.2025, 19:20
- 10,454
Падрабязнасці.
Дыктатар Расеі Уладзімір Пуцін унёс на ратыфікацыю ў парламент дамову з Лукашэнкам, якая тычыцца гарантый бяспекі. Дакумент будзе прадстаўлены намеснікам міністра замежных спраў РФ Аляксандрам Грушкам. Адпаведнае распараджэнне правадыра апублікаванае на афіцыйным партале прававой інфармацыі.
"Прызначыць намесніка міністра замежных спраў Расейскай Федэрацыі Грушку Аляксандра Віктаравіча афіцыйным прадстаўніком прэзідэнта РФ пры разглядзе палатамі Федэральнага сходу Расейскай Федэрацыі пытання аб ратыфікацыі Дамовы паміж Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы, падпісанага ў Менску 6 снежня 2024 года", — гаворыцца ў дакуменце.
Дамова аб "гарантыях узаемнай бяспекі" паміж Расняй і Лукашэнкам была падпісаная дыктатарамі ў снежні 2024 года ў Менску ў рамках пасяджэння "вышэйшага дзяржсавета" "саюзнай дзяржавы".
Дакумент, які быў ухвалены дыктатарам Расеі напярэдадні, прадугледжвае меры, якія будуць прымацца ў выпадку "пагрозы суверэнітэту" адной або абедзвюх краін. Сярод ключавых пунктаў - пытанне размяшчэння расейскай тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Як зазначыў расейскі пасол Барыс Грызлоў, пагадненне пацвярджае, што вонкавыя межы "саюзнай дзяржавы" ўтвараюць адзіную абаронную прастору.