5 лютага 2025, Серада, 22:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус захаваў архіў прадзеда і здзівіў ім польскіх чыноўнікаў

5
Беларус захаваў архіў прадзеда і здзівіў ім польскіх чыноўнікаў

Стагадовыя польскія дакументы змянілі ягонае жыццё.

Сям'я з Беларусі – Насця, Дзіма і іх дочкі-двайняты – з 2020 года жыла на Балі. Але праз тры з паловай гады беларускім эмігрантам давялося пакінуць сонечную выспу і пераехаць у Польшчу. У гэтай краіне для легалізацыі спатрэбілася сямейная рэліквія – дакументы прадзеда Дзімы. Паперам 100 гадоў, і нават польскія чыноўнікі, убачыўшы іх, не маглі схаваць здзіўлення. Гэтай гісторыяй эмігранты падзяліліся на сваім на YouTube-канале, заўважыў Most.

На канале беларусы расказваюць пра жыццё ў эміграцыі і дзеляцца рознымі лайфхакамі. Мяркуючы з відэаролікаў, у 2020 годзе сям'я Дзімы паехала зімаваць на Балі і засталася там на тры з паловай гады. Да гэтага год беларусы жылі ў Польшчы. Іх пераезд з вострава назад у Еўропу быў экстранным.

– Не такім, вядома, як у большасці людзей за апошнія гады ў Беларусі, але ўсё ж... – тлумачыць блогер.

Праўнук польскага салдата

Дзіма нарадзіўся ў мястэчку ў заходняй частцы Беларусі. Да 1939 г. гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў склад Польшчы, і мужчына кажа, што ён выхоўваўся ў польскіх традыцыях.

Блогер расказвае, што ягоны прадзед служыў у польскім войску, якое выступала супраць нападу Савецкага Саюзу.

– І пашанцавала майму прадзеду, што ён не быў афіцэрам, таму што нам усім вядома, што здарылася з афіцэрамі, якія абаранялі Польшчу ад нападу Савецкага Саюзу. Іх усіх звезлі ў лагеры, а потым проста яны былі пакараныя – проста ўтылізацыя непажаданых. Але нейкую большую частку польскага войска распусцілі па дамах. Вось мой прадзед быў такім простым салдатам, які вярнуўся, выжыў і быў вымушаны жыць ужо на тэрыторыі Савецкага Саюзу.

«Дакумент выглядаў як старадаўняя мапа скарбаў»

Сям'і беларуса ўдалося захаваць стагадовыя архіўныя дакументы польскага сваяка. І калі Дзіма з сям'ёй апынуліся ў Польшчы, яны згулялі сваю ролю ў атрыманні віду на жыхарства. Ён прызнаецца, што гэтыя паперы змянілі ягонае жыццё.

– Вельмі добра памятаю, калі ўпершыню прыйшоў ва ўжонд (дзяржорган. – Заўв.) у Беластоку. Я прынёс довуд асабісты (пасведчанне асобы. – Заўв.), які датаваны 1920 годам. Ён выглядаў як старадаўняя мапа скарбаў, пацёртая, падпаленая… – расказвае беларус.

Паводле словаў блогера, супрацоўнікі жонду Беластока, убачыўшы такі архіўны дакумент, збегліся з усіх акенцаў, таму што гэта была «рэальна нейкая музейная рэліквія».

Акрамя пасведчання асобы, у сям'і захаваліся і іншыя дакументы, у тым ліку купчая на зямлю.

– Прадзед быў нейкім нармальным такім вялікім купцом, бізнэсмэнам, якога, натуральна, потым бальшавікі раскулачвалі. У яго былі вялізныя стосы купчых на зямлю, нейкіх дамоваў, усё на польскай. Гэтым паперам 100 гадоў, і ўжо не ўсё, вядома, нават прачытвалася, – кажа блогер.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках