Названыя самыя папулярныя краіны ў беларусаў
2- 5.02.2025, 20:14
- 4,406
Рэйтынг склаў МТС.
МТС склаў рэйтынг кірункаў, куды беларусы ездзілі летась часцей за ўсё. Дарэчы, у лік лідараў увайшлі і дзве новыя краіны.
Паводле вынікаў года абаненты падвоілі аб'ём інтэрнэт-трафіку ў паездках за мяжу, а таксама сталі часцей тэлефанаваць у роўмінгу.
Так, зыходзячы з звестак галасавога і інтэрнэт-роўмінгу, першыя радкі занялі Расея, Польшча, Літва і Турцыя.
Замыкае пяцёрку аб'ёмам інтэрнэт-трафіку Кітай, а колькасцю званкоў за мяжой – Грузія. Абедзве краіны выцеснілі Нямеччыну, якая да гэтага часу знаходзілася на пятым месцы рэйтынгу.
Калі параўноўваць з 2023 годам, аб'ём трафіку абанентаў МТС за мяжой павялічыўся больш як у два разы і дасягнуў амаль 200 тыс. Гб.
Даўжыня званкоў за мяжой вырасла на 17 адсоткаў. А ўсяго карыстальнікі за год прагаварылі амаль 7 млн хвілінаў.