Прэм'ер Францыі Байру пераадолеў другі вотум недаверу
- 5.02.2025, 20:45
![Прэм'ер Францыі Байру пераадолеў другі вотум недаверу](https://i.c97.org/ai/622501/aux-head-1734093627-20241213_Baru_premierministr_Francii_360.jpg)
Гэта адкрыла шлях для зацвярджэння бюджэту краіны на 2025 год.
5 лютага Нацсход (парламент) Францыі разгледзеў вотум недаверу ўраду Франсуа Байру. Ініцыятарам гэтага працэсу, як і месяц таму, выступіла радыкальна левая партыя «Непакорная Францыя» (LFI). Падставай паслужыла пастанова кіраўніка ўраду ўжыць арт. 49.3 Канстытуцыі, каб абысці галасаванне пра праект бюджэту, які ўлады краіны не могуць узгадніць з мінулага года. У снежні ў Францыі быў прыняты надзвычайны закон для пераадолення «шатдаўну» ва ўмовах адсутнасці бюджэту; ён дазволіў выканальнай уладзе аплачваць актуальныя выдаткі, спаганяць падаткі і браць пазыкі для фінансавання дзяржавы і сацыяльнага забеспячэння.
У выніку галасавання датычна вотуму недаверу LFI не ўдалося заручыцца падтрымкай сваіх старэйшых партнёраў у левым альянсе ў асобе Сацыялістычнай партыі (PS), а таксама ультраправай партыі «Нацыянальнае аб'яднанне» (RN). Для вотуму недаверу патрабавалася падтрымка не менш як 288 з 577 дэпутатаў Нацсходу, а «за» прагаласавалі толькі 128.
Адхіленне вотуму недаверу аўтаматычныя азначае прыняцце бюджэту на 2025 год Нацсходам. Канчатковае галасаванне пра законапраект у сенаце адбудзецца на наступны дзень – 6 лютага, піша Le Monde.
Байру ўжо ўдавалася пераадолець вотум недаверу, які LFI вылучалі 5 студзеня. Тады «за» прагаласаваў толькі 131 дэпутат (радыкальна левых падтрымалі толькі камуністы і зялёныя). Унікнуць лёсу свайго папярэдніка, Мішэля Барнье, Байру здолеў дзякуючы ўгодзе з сацыялістамі. Каманда прэм'ера цягам некалькіх тыдняў вяла перамовы з яе прадстаўнікамі, каб пераадолець пагрозу развалу. PS запатрабавала ў абмен на сваю падтрымку перагледзець ажыццёўленую прэзідэнтам Макронам пенсійную рэформу.
На галасаванні 5 лютага вялікую ролю выканала пазіцыя RN. Лідар партыі Жардан Бардэла яшчэ напярэдадні разгляду вотуму недаверу запэўніў, што не стане галасаваць за крах ураду Байру, каб не пагаршаць нестабільную сітуацыю ў краіне. Хоць у снежні менавіта падтрымка ультраправых дапамагла LFI зрушыць экс-прэм'ера Мішэля Барнье, які таксама спрабаваў узгадніць бюджэт з дапамогай арт. 49.3 Канстытуцыі.