Bloomberg: ЗША прапануюць план урэгулявання вайны ва Украіне
6- 5.02.2025, 21:06
- 3,388
Чакаецца, што гэта адбудзецца на Мюнхенскай канферэнцыі пра бяспеку.
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША датычна Украіны Кіт Келаг прапануе план урэгулявання вайны на Мюнхенскай канферэнцыі пра бяспеку, якая пройдзе з 14 да 16 лютага. Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы.
Суразмоўцы выдання не ўдакладнілі, наколькі падрабязнымі будуць абмеркаванні плану і ў якім фармаце яны пройдуць.
Як адзначае Bloomberg, у апошнія тыдні каментары Келага і іншых чыноўнікаў змяшчалі намёкі на план дасягнення таго, што хаўруснікі Трампа называюць «мірам праз сілу». План уключае патэнцыйнае замарожванне канфлікту і пакіданне акупаваных Расеяй тэрыторый «у падвешаным стане». Таксама мяркуецца наданне Украіне гарантый бяспекі, аднак не ўдакладняецца, якімі яны будуць.
У сераду Келаг абвясціў пра свой удзел у Мюнхенскай канферэнцыі пра бяспеку. «Я з нецярпеннем чакаю магчымасці пагаварыць пра мэту Дональда Трампа пакласці канец крывавай і дарагой вайне ва Украіне», – напісаў ён у сацсеткі X.
Раней у лютым Келаг заявіў, што ў каманды Трампа існуе надзейны план для спынення баявых дзеянняў і пачатку мірных перамоваў паміж Расеяй і Украінай. На думку спецпасланніка, магчыма дабіцца спынення агню ў тэрмін, які вылічаецца месяцамі, а не гадамі. Дэталі плану ён не агучыў.