Улады Нямеччыны падазраюць РФ у пашкоджаннях сотняў аўтамабіляў
5- 5.02.2025, 21:33
- 4,974
Дыверсіі праводзіліся, каб выклікаць непрыязнасць да «зялёных», якія заклікаюць перадаць Украіне ракеты TAURUS.
Паліцыя Нямеччыны расследуе серыю дыверсій, учыненых адразу ў некалькіх федэральных землях шляхам наўмыснага пашкоджання аўтамабіляў. Пры гэтым правяраюцца падазрэнні, што да гэтай серыі мае дачыненне адна са спецслужбаў Расеі, паведаміла ў сераду, 5 лютага, агенцтва dpa са спасылкай на крыніцы ў службах бяспекі Нямеччыны. Паводле словаў суразмоўцы агенцтва, папярэднія звесткі следства паказваюць на тое, што за свае дзеянні дыверсанты атрымлівалі грошы ад расейскага заказчыка, паведамляе DW.
Раней у той самы дзень штотыднёвік Der Spiegel напісаў пра першыя вынікі расследавання інцыдэнтаў, падчас якіх у Берліне, Бадэн-Вюртэмбергу, Баварыі і Брандэнбургу выхлапныя трубы больш як 270 транспартных сродкаў былі залітыя поліўрэтанавай мантажнай пенай. Так, у снежні летась у брандэнбургскай супольнасці Шэнефельд службоўцы паліцыі падчас праверкі фургона, у якім знаходзіліся трое маладых мужчынаў – серб, басніец і немец, якія жывуць на поўдні Нямеччыны, – выявілі некалькі балонаў з будаўнічай пенай. Неўзабаве пасля гэтага ў паліцыю звярнуліся ўладальнікі 43 аўтамабіляў, якія знайшлі такую пену ў выхлапных трубах машынаў.
Падчас агляду месцаў злачынства на лабавым шкле машынаў былі выяўленыя стыкеры з надпісамі, якія можна было аднесці да лозунгаў партыі «Звяз-90»/«зялёныя», у тым ліку «Будзь зелянейшы!», і фатаграфіяй міністра эканомікі ФРГ Роберта Хабека, якога «зялёныя» вылучылі сваім кандыдатам у канцлеры ФРГ на датэрміновых выбарах у бундэстаг. З усяго відаць, зламыснікі спрабавалі інсцэнізаваць акцыю радыкальных кліматычных актывістаў, каб выклікаць у нямецкіх выбарнікаў негатыўнае стаўленне да партыі «зялёных», паказвае Der Spiegel. «Звяз-90»/«зялёныя» выступаюць за тое, каб Нямеччына паставіла Украіне крылатыя ракеты TAURUS і вылучыла ёй дадатковую ваенную дапамогу.
Паводле звестак штотыднёвіка, адзін з падазраваных на допыце заявіў, што заданні здзейсніць дыверсіі ён і ягоныя суўдзельнікі атрымлівалі праз мэсэнджар Viber ад нейкага грамадзяніна Сербіі расейскага паходжання. За кожную пашкоджаную машыну той абяцаў заплаціць 100 еўраў, у выніку ўсе трое атрымалі некалькі тысячаў еўраў.
Эксперт «Звязу-90»/«зялёных» датычна ўнутранай палітыкі Канстанцін фон Ноц адзначыў, што ў Нямеччыне ўжо некалькі месяцаў назіраюцца мэтанакіраваныя спробы распаліць рознагалоссі, якія існуюць у краіне, а таксама пасеяць нявызначанасць і раскалоць грамадства з дапамогай дыверсій і шпіянажу.