6 лютага 2025, Чацвер, 0:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі ты эмігруеш у Еўрасаюз, перад табой адкрываюцца вялікія магчымасці»

2
«Калі ты эмігруеш у Еўрасаюз, перад табой адкрываюцца вялікія магчымасці»

Беларускі дызайнер распавёў пра жыццё ў Польшчы.

Альгерд займаецца графічным дызайнам, працуе ў гэтай сферы як фрылансер і завочна вучыцца на факультэце мэдыя і камунікацыі. У Польшчу ён патрапіў пасля падзеяў 2020 года разам з бацькамі. Згадвае, што ўліцца ў новае жыццё было зусім не проста. Шмат у чым дапамагло тое, што ён знайшоў новых сяброў сярод эмігрантаў з Беларусі, а таксама сярод палякаў, пiша «Польскае радыё».

– Не сказаць, што было лёгка, асабліва першы год. Добра, што зараз можна наладзіць камунікацыю праз сацыяльныя сеткі: кантактаваць са знаёмымі, знайсці заказы для працы. Галоўная праблема была ў моўнай камунікацыі. Бо адно — калі ты вывучаеш польскую мову ў Беларусі, а зусім іншае — каб пачаць размаўляць у Польшчы з палякамі па-польску.

Знайсці заказы для графічнага дызайнера не проста

Паводле слоў Альгерда, фрылансерская праца патрабуе пастаяннага развіцця. Сучасны рынак вылучае высокія патрабаванні да дызайнераў, якія выходзяць далёка за межы класічнага разумення прафесіі.

– Зараз рэальна цяжка знайсці працу ў межах графічнага дызайну, бо на рынку працы цябе просяць зрабіць не толькі візуальную камунікацыю (візуалы, лагатыпы, брэндзінгі і г.д.), што датычыцца непасрэдна графічнага дызайну, а яшчэ і рабіць відэа, фатаздымкі. Заказчыкі дадаюць яшчэ шмат заданняў, якія не датычаць працы графічнага дызайнера. І каб знайсці працу, даводзіцца станавіцца менеджэрам сваіх сацыяльных медыя, каб распаўсюджваць сваю творчасць, паслугі і г.д. Яшчэ вялікую ролю адыгрываюць твае кантакты. Напрыклад, можна знайсці рэальную тусоўку дызайнераў сярод беларусаў, украінцаў, палякаў — каго заўгодна, каб працавала сарафаннае радыё, і ты мог рабіць нейкія калабарацыі альбо нешта іншае, што дазваляе пашырыць кола тваіх кліентаў.

Былі заказы нават з Беларусі

На пачатку сваёй дзейнасці Альгерд спецыялізаваўся на стварэнні плакатаў, шукаў заказы на спецыялізаваных платформах. Першымі яго кліентамі сталі людзі з розных краін свету.

– Я памятаю, як рабіў сваю першую афішу для іранскага гурта, які зараз знаходзіцца ў Германіі. Гэта быў вельмі цікавы досвед, і кожная замова дадавала новы досвед, а з часам становіцца лягчэй выконваць заказы. Потым пачаліся замовы праз Інстаграм, былі нават заказы з Беларусі. Пасля гэтага я пачаў дапамагаць сябрам рабіць пасты і афішы ў сацыяльных сетках, рабіць лагатыпы і іншае. І вось так, па нарастаючай крывой, твая творчасць расце, пашыраецца, і ў выніку ты робіш тое, што найбольш падабаецца і тое, што ты здольны рабіць.

Даводзіцца моцна круціцца

Альгерд прызнаецца, што зарабляць на жыццё графічнаму дызайнеру ў эміграцыі складана. Прычына не толькі ў канкурэнцыі, але і ў тым, што сённяшнія алгарытмы сацыяльных сетак уплываюць на колькасць заказаў.

– На фрылансе працаваць зараз даволі цяжка, бо табе трэба адразу рабіць шмат рэчаў: весці свае сацыяльныя сеткі, ствараць кантэнт, яшчэ і відэакантэнт. Даводзіцца моцна круціцца, а гэта не кожнаму пасуе. Я сам часта адчуваю стому. Праўда, цяжка бывае, асабліва калі твой заробак пачынае залежаць ад алгарытмаў у Інстаграме альбо Цік-Току. Ты можаш абудзіцца і ўбачыць, што твае пасты не набіраюць патрэбнай колькасці праглядаў, а значыць цябе менш людзей бачаць, і менш кліентаў да цябе звяртаюцца. Раней у мяне шмат заказаў прыходзіла з Інстаграма, а зараз — адзінкі. І тады адзіная надзея — праца спецыялізаваных платформаў, альбо трэба шукаць працу ў нейкіх карпарацыях, студыях ці аб’ядноўвацца і самім ствараць нешта падобнае. Выйсце ёсць, але яно не простае.

– Не такі і просты хлеб, як здавалася …

– Зараз, калі мы маем штучны інтэлект, розныя рэчы можа зрабіць чалавек, які ніколі не хадзіў на лекцыі па графічнаму дызайну ва ўніверсітэце. Яму дастаткова выбраць сабе шаблон, нават бясплатны, і зрабіць нешта досыць прыгожае, што будзе пасаваць, і ўжо не патрэбна аплата працы дызайнера.

Галоўнае — не здавацца і верыць у сябе

Мы пагаварылі з Альгердам пра жыццё ў эміграцыі і параўналі яго вопыт з вопытам яго бацькоў. Хлопец перакананы, што яго бацькам было значна цяжэй, бо ў яго ўзросце яны ўжо выхоўвалі дзіця і неслі большую адказнасць. А цяпер, нават у эміграцыі, бацькі заўсёды падтрымліваюць яго — і калі патрэбна, то і грашыма, і яму не пагражае застацца без хлеба альбо без даху над галавой.

– Напэўна, кажучы аб тым, ці складана жыць у эміграцыі, мне, як маладому чалавеку, здаецца, што шмат ад чаго гэта залежыць. Калі я гляджу на сваіх сяброў у Беларусі, многім з іх лягчэй, бо яны на радзіме і не маюць клопатаў пра легалізацыю ці нешта падобнае. Я проста хачу сказаць: калі эмігруеш, самае складанае — гэта пачаць, знайсці нейкую зямлю пад нагамі, а потым усё нармалізуецца. Бо калі ты эмігруеш у Еўрасаюз, перад табой адкрываюцца вялікія магчымасці, асабліва калі ты ведаеш замежныя мовы. Тут усё залежыць толькі ад цябе, тваіх здольнасцяў. І галоўнае — не здавацца, верыць у сябе.

Баланс, які пакуль немагчыма дасягнуць

Альгерд распавядае, што і далей працягвае падтрымліваць сувязь са сваімі сябрамі ў Беларусі. Цікаўлюся, хто каму больш зайздросціць — яму, што ён жыве за мяжой, ці ім, што яны жывуць на радзіме?

– Я вось, калі размаўляю з сябрам з дзяцінства, не сказаў бы, што ў нас існуе нейкая зайздрасць. Ён сапраўды хоча вырвацца з Беларусі, бо яму там адзінока — усе сябры недзе раз’ехаліся. Больш за тое, шмат яго жыццёвых каштоўнасцяў разыходзяцца з тымі, якія ў людзей, што жывуць побач. Мы не тое што шмат размаўлялі на гэтую тэму, але ён прасіў пацікавіцца, якія дакументы патрэбныя, каб атрымаць візу. А ў мяне ёсць зайздрасць да тых, хто вандруе па Беларусі, хаця дзякуючы бацькам я трохі павандраваў у дзяцінстве, але гэтая памяць ужо крыху заценена вандроўкамі па Польшчы. І вельмі хочацца ізноў паехаць па Беларусі, пабычыць сваіх бабуляў і дзядулю. І тут справа хутчэй не ў зайздрасці, а ў патрэбах. У мяне тут усё ёсць для жыцця, але няма магчымасці свабодна наведваць Беларусь, а ў майго сябра — няма магчымасці задаволіць некаторыя свае патрэбы. І вось гэты баланс вельмі цяжка дасягнуць.

А яшчэ Альгерд пераканаўся ў Еўрасаюзе, што беларусы ні чым не горшыя як спецыялісты ў самых розных галінах за еўрапейцаў. Адзінае, паводле яго, што ў Беларусі не хапае свабоды, якая дазваляе чалавеку раскрыць усе яго здольнасці і ўменні.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках