У Ваўкавыску і Жлобіне падлеткі «здзекаваліся» з лукашэнкаўскага сцяга
12- 6.02.2025, 10:28
- 4,342
![У Ваўкавыску і Жлобіне падлеткі «здзекаваліся» з лукашэнкаўскага сцяга](https://i.c97.org/ai/628826/aux-head-1738826882-дгл_адфп_360.jpg)
Адзін з іх выкінулі ў сметніцу.
Суд Ваўкавыскага раёна 21 студзеня вынес прысуд 16-гадоваму Леаніду Трафімовічу, якога судзілі ў закрытым рэжыме за зрэзаны дзяржсцяг, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». А ў Жлобінскім каледжы адкрыта судзілі мясцовага навучэнца таксама за дзеянні з дзяржсімволікай, паведамілі ва УУС Гомельскага аблвыканкама.
Абодвух падлеткаў судзілі паводле арт.370 КК (Здзек з дзяржаўных сімвалаў).
Справу Трафімовіча ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Мікалай Сяргейка. Згодна з матэрыяламі следства, хлопец залез на дах будынка і зрэзаў нажом чырвона-зялёны сцяг.
![](https://i.c97.org/ai/628826/aux-1738826518-sud_zhlobin_gosflag_2025.jpg)
Як паведаміў тэлеграм-канал «Право имеют», падлетак у пад'ездзе чакаў сябра. Узламаўшы дзверы на дах шматпавярховага дома, ён убачыў сцяг, зрэзаў яго ножыкам і схаваў у сябе дома ў шафе. Пазней супрацоўнікі ЖКГ заўважылі знікненне і звярнуліся ў міліцыю.
У выніку Леаніду Трафімовічу прызначылі адзін год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
А вось непаўналетняга навучэнца жлобінскага каледжа паказальна судзілі па месцы вучобы, запрасіўшы аднакурснікаў.
Прычынай крымінальнай справы стала тое, што аднойчы ён ішоў з сябрамі побач з «Еўраоптам», дзе яны заўважылі дзяржфлаг - падлетак залез на дах, зняў яго і паклаў у кішэню сваёй курткі. Затым выкінуў у сметніцу, чым «прадэманстраваў грэблівае і абразлівае стаўленне да дзяржаўнай сімволікі краіны».
Сваю віну непаўналетні прызнаў і ў зробленым раскаяўся. Яму таксама прызначылі год «хатняй хіміі».